Нацбанк раскрывае карты: прагноз па інфляцыі будуць «удакладняць», у сітуацыю з валютамі ўмешвацца радзей


«Абменны курс будзе больш гнутка рэагаваць на рэзкія змены як унутры краіны, гэтак і на вонкавых фінансавых рынках. У той жа час гэта прывядзе да больш моцных хістанняў абменнага курсу беларускага рубля ў дачыненні долара ЗША», – папярэджвае Нацыянальны банк Беларусі.

На афіцыйным сайце Нацбанку апублікавалі «адказы на частыя пытанні» журналістаў. Мы прапаноўваем скарочаную версію «FAQ» ад фінансавых уладаў краіны.

Чаму няма валюты ў абменніках?

Заспакаенне любым коштам ажыятажнага попыту насельніцтва на замежную валюту неапраўданы. Таму банкі падчас высокіх спекулятыўных чаканняў прадавалі валюту ў межах яе пакупкі. Цяпер прапанова валюты ў банках павялічваецца.

Што будзе з курсам рубля?

Ад 9 студзеня курс беларускага рубля прывязаны да «кошыка валютаў». Гэта азначае адмову ад наўпроставай прывязкі да долара ЗША. Цяпер курс беларускага рубля больш прывязаны да курсу расейскага рубля – удзел гэтай валюты ў «кошыку» павялічаны да 40 %, у той час як удзел долара зніжаны да 30 %. Валютныя інтэрвенцыі дзеля падтрымання курсу беларускага рубля Нацбанк абяцае ладзіць «толькі дзеля згладжвання пікавых хістанняў».

На якім узроўні будзе інфляцыя ў 2015 годзе?

Зніжэнне ўзроўню інфляцыі – асноўны кірунак грашова-крэдытнай палітыкі ў 2015 годзе. Аднак праз пагаршэнне сітуацыі ў вонкавым сектары, на ўнутраным валютным і дэпазітным рынку прывяло да аслаблення курсу беларускага рубля, прагнознае значэнне інфляцыі мае патрэбу ва ўдакладненні. (Паводле ранейшых заяваў, у 2015 годзе ўзровень інфляцыі планавалася ўтрымаць на ўзроўні 12 %, – belsat.eu)

Зніжаюцца адсоткі па новых дэпазітах. Што будзе далей на рынку ашчаджэнняў у беларускіх рублях?

Нацбанк рэкамендаваў пераглядзець умовы прыцягнення ўкладаў, што маюць забяспечыць ашчаджэнні ад абясцэньвання. Банкі будуць прапаноўваць рабіць уклады на 1 год прыкладна на аднолькавых умовах. Павелічэнне адсоткаў па валютных укладах Нацбанк бачыць адэкватным.

Ці з’явіцца банкнота наміналам Br 500 тыс?

Увядзенне новай банкноты – «на стадыі прапрацоўкі». Нацбанк абяцае «праінфармаваць усіх зацікаўленых» заранёў.

Падрыхтаваў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў