Набываем маскі: ад медычных за Br 1,25 да дызайнерскіх за Br 4


Каб набыць маскі ды антысептыкі, трэба пабегаць па горадзе.

Карэспандэнты Belsat.eu вырашылі спраўдзіць, наколькі лёгка набыць маскі і антысептыкі на Берасцейшчыне. Адпраўляемся ў аптэкі. Адразу скажам, што набыць у адным месцы ўсе сродкі абароны ад вірусаў немагчыма, трэба пабегаць.

Фота: Belsat.eu

У першай аптэцы, куды мы заходзім, няма анічога – хоць яшчэ некалькі дзён таму там былі маскі. Звяртаем увагу, што правізары і фармацэўты пачалі працаваць у масках і пальчатках, а наведвальнікаў папярэджваюць: трымайце дыстанцыю.

У аптэках заклікаюць трымаць дыстанцыю.
Фота: Belsat.eu

Рэкламу пра продаж масак размясціла крама бабруйскай фабрыкі «Славянка», але ў фірмовая краме ў Берасці масак не аказалася.

– Усё прадалі за 5 дзён, было 300 масак, замовілі яшчэ 1000, але пакуль не прывезлі, – паведаміла прадавачка крамы «Славянка» у Берасці. Дарэчы, у «Славянкі» – самая танная прапанова на рынку, Br 1,07 за марлевую маску.

Яшчэ ў адной аптэкі, марлевая паска каштавала ўжо Br 1,42, аднаразовая – Br 1,30. Антысептыкаў ніякіх няма. У суседняй аптэцы жанчына набывае адну маску за Br 1,25 рублёў, скардзіцца: «Дорага!»

Марлевая маска беларускай вытворчасці.
Фота: Belsat.eu

Не лепшая сітуацыя і ў суседнім Кобрыне: 30 сакавіка мы наведалі аптэку, якая месціцца побач з мясцовай больніцай і паліклінікай, і там не было ні масак, ні антысептыкаў.

Санітарная апрацоўка ў аптэцы ў Кобрыне.
Фота: Belsat.eu

Актывісты просяць пачаць выпускаць айчынныя антысептыкі

Арганізацыя «За свой горад» прапанавала вырабляць спіртазмяшчальныя антысептыкі на магутнасцяў мясцовага лікёра-гарэлачнага заводу. Адпаведны зварот накіраваны генеральнаму дырэктару ААТ «Берасцейскі ЛГЗ Белалка »і Берасцейскі аблвыканкам.

Сродкі для апрацоўкі рук ёсць у кожнай аптэцы, але ў прадажы іх не знайсці.
Фота: Belsat.eu

– Эпідэміялагічная сітуацыя, як у свеце, так і ў Беларусі, штодня пагаршаецца. На наш погляд, меры, якія прымаюцца ў краіне па стрымліванню распаўсюджвання COVID-19, відавочна недастатковыя. У Берасці на сёння ва ўсіх аптэках адсутнічаюць спіртазмяшчальныя антысептыкі. Берасцейскі лікёра-гарэлачны завод валодае неабходнымі магутнасцямі і асноўным кампанентам (спіртам) для арганізацыі вытворчасці санітайзераў, – каментуе ініцыятыву кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.

Прыватны бізнес пачаў шыць маскі

Пакуль дзяржаўныя прадпрыемствы не спраўляюцца з узніклым попытам, а аптэкі не паспяваюць задаволіць узнікшыя патрэбы, шыццём масак занялося берасцейскае швейнае прадпрыемства «ЛаВелаХэппі».

– Мы дапамагаем дзяржпрадпрыемствам спраўляцца з узніклым попытам. Выпускаем тры варыянты масак: бюджэтны беспамерныя – па Br 1,5, без прашыву месца для падбародка – па Br 3,5, з прашывам – па Br 4. Можна купіць ад 200 адзінак. Ужо 5000 адзінак набыло для сваіх працаўнікоў адно буйное берасцейскае прадпрыемства. Сацыяльнай службе Маскоўскага раёну Берасця мы перадалі бясплатна 100 масак, яшчэ 50 масак перадаем на станцыю хуткай дапамогі Берасця, – распавёў «Белсату» вядучы спецыяліст па продажам швейнага прадпрыемства «ЛаВелаХэппі» Мікалай Калядзіч.

 

АС Belsat.eu

Стужка навінаў