«Набраць у рот вады, сесці на пліту і чакаць калі закіпіць». Заіка пра распродаж дзяржаўных прадпрыемстваў


Леанід Заіка лічыць распродаж дзяржаўнай маёмасці «наменклатурнай тонкасцю».

«Улады элегантна дэманструюць сваю нікчэмнасць». Заяву камітэту па маёмасці пра пачатак працаў па продажы 514 дзяржаўных прадпрыемстваў каментуе эканаміст Леанід Заіка.

Дзяніс Дзюба: Пра што кажа сённяшняя заява дзяржкамітэту па маёмасці аб распродажы прадпрыемстваў, доляй якіх валодае дзяржава?

Леанід Заіка: Гэта крык роспачы. Сітуацыя развіваецца ўжо апошнія пяць гадоў – найдзіўнейшым выпадкам быў продаж недабудаванай гасцініцы ў Пружанах за $ 13. Сённяшняя заява – апошняя частка другога аддзялення Марлезонскага балета.

Чым нам гэта пагражае?

У нас адбіраюць уласнасць, якую стваралі і будавалі ў савецкі час. Хлопцы, якія прыйшлі ўва ўладу дзецьмі, цяпер распрадаюць уласнасць бацькоў.

Чаму гэтая заява гучыць напярэдадні 25-га сакавіка?

Гэта наменклатурная тонкасць. Элегантная дэманстрацыя сваёй нікчэмнасці.

Я не знаходжу ніякіх прычынаў для «сакавіцкай рэвалюцыі» 25-га чысла.

Не думаю, што людзі, якія выйдуць на дэманстрацыю, пратэстуючы супраць улады, усцешацца і набудуць «Белавію», МАЗ ці які-небудзь нафтавы завод за $ 12-15.

Хто будзе асноўным купцом, каму Лукашэнка аддасць прыярытэт, прымаючы рашэнне па продажы прадпрыемстваў?

Калі беларусы будуць сядзець на пліце, набраўшы ў рот вады і чакаць, калі яна закіпіць, гэтыя прадпрыемствы дакладна «прададуць» мне і вам. Беларусы іх купіць не змогуць.

Думаю, што гэтая аб’ява – гэта капялюш-невідзімка: змяняць уласнасць і пераразмяркоўваць плыні прыбытку – даволі складана.

Гэта такі калгасны падыход: «Мы, хлопцы, якія нічога не стварылі, усё прадамо, а вы пацешыцеся, што ўбачыце гэта». Як на футбольным матчы, дзе заўзятары з адным рублём у кішэні глядзяць як дваццаць два доларавыя мільянеры б’юць па мячы. «Вось, беларусы, сядзіце і глядзіце».

Лукашэнка будзе асабіста дзяліць уласнасць як дзеляць торт на Дні нараджэння. Спачатку для сваіх, потым для суседзяў.

Прадаюць і МЗКЦ, і «КБ Радар». Ці не ўдарыць гэта па нашай бяспецы?

Хто вам сказаў, што прадаюць? Пакуль сказалі, што склалі спіс.

Туды могуць уключыць і «Белсат», і майстэрню Васі Пупкіна па рамонце аўтамабільных колаў.

Гэта прынада: будуць глядзець хто тузанецца першым. Расейцы пасмяюцца, але пару закідаў зробяць.

Каму яшчэ патрэбен МЗКЦ? Кітаю. Або НАТА, якое купіць і заўтра яго зачыніць.

Калі разглядаць ваенную бяспеку такой краіны як Беларусь, я не стаў б тут зацыклівацца – ужо ўсё адбылося. Калі прадалі Белпрамбудбанк, прадалі ўсю інфармацыю пра рух таварных плыняў, фінансаў, аб’ёмаў вытворчасці і продажаў. Разумным гэтага дастаткова. А продаж беларускіх ваенных заводаў – гэта задача надзьмуць шчокі і напалохаць ворага.

Калі разглядаць эканамічную бяспеку, тут таксама ўжо зрабілі ўсё, каб яе страціць.

А хто будзе «тузацца»? Каго зандуе Лукашэнка?

Ну ён чакае, што раптам паклічуць у Крэмль і скажуць, што дадуць 5 мільёнаў тон нафты, а ты прадасі МЗКЦ Абрамовічу.

А ці дойдзе ў выніку да здзелак?

Рана ці позна пры такім дурным кіраванні краінай гэта зробяць або сілком, або за ўмоўныя адзінкі.

Калі беларусы будуць цешыцца такім спісам, ім трэба звяртацца ў псіхдыспансер: распрадаюць тое, што стваралася дзесяцігоддзямі, і прадаюць праз уласную няўмеласць і непісьменнасць.

Гутарыў Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў