Набег «троляў» на «Белсат». Што не спадабалася замоўнікам атакі?


Відэа, на які зладзілі набег «ботаў»

Больш за 24 тысячы «дыслайкаў» да аднаго відэа ўсяго за 2 дні – такога на «Белсаце» не было ніколі!

Апублікаваны на YouTube сюжэт белсатаўскай праграмы «Вот так» прыцягнуў увагу не толькі гледачоў, але і невядомых «уладароў троляў». Пасля таго, як сюжэт пра жыццё на расейскай вёсцы пачаў набіраць дзясяткі тысячаў праглядаў, мы заўважылі нетыповую актыўнасць: цягам двух дзён пад відэа з’явілася 24 тысячы «дыслайкаў» у супрацьвагу 1,8 тыс. пазітыўных ацэнак.

Разʼюшаныя Індыя і Алжыр

Большасць негатыўных ацэнак пра расейскую рэчаіснасць – з… Украіны. Далей ідуць Расея і Беларусь – цалкам тыповая для праграмы «Вот так» аўдыторыя. Але далейшы аналіз статыстыкі паказаў, што «абураных і незадаволеных» хапае ў Індыі, Тайландзе, Вʼетнаме, Мексіцы і Алжыры.

Статыстыка “дыслайкаў”

Адзін з доказаў таго, што «дыслайкі» несапраўдныя, а генераваныя «ботамі» – гэта статыстыка праглядаў відэа ў гэтых экзатычных краінах. Гэтак «індыйскія» юзеры праглядзелі матэрыял 9 разоў, але негатыўных ацэнак паставілі 429. Падобна сітуацыя выглядае з іншымі «незадаволенымі» краінамі.

Таксама незвычайна выглядае тое, як зацята «гледачы» ўзяліся за ацэнку матэрыялу. Пры колькасці праглядаў каля 52 тысячаў атрымаць ажно 24 тысячы негатыўных ацэнак – малаверагодна.

На каментары не хапіла грошаў

Пазітыўныя і негатыўныя ацэнкі, прагляды на YouTube можна купіць – за невялікую плату ахвотныя ў інтэрнэце бяруцца зарганізаваць патрэбны вынік з дапамогаю спецыяльных праграмаў або з прыцягненнем рэальных людзей. Таксама несумленныя вытворцы кантэнту могуць купляць каментары.

Самыя папулярныя каментары пад матэрыялам

У нашым выпадку «уладар троляў» раскашэліўся толькі на «дыслайкі». Больш за сотню каментароў пад відэа – гэта крытыка на адрас Пуціна і дзейных расейскіх уладаў. Але ніяк не прэтэнзіі да аўтараў сюжэту.

Нападаюць не толькі на «Белсат»

За двое содняў – тысячы негатыўных ацэнак

У той самы дзень, калі з дапамогаю «ботаў» здзейснілі атаку на відэа «Белсату», нашыя калегі з расейскамоўнай службы «Deutsche welle» паведамілі на лавіну «дыслайкаў» да аднаго са сваіх сюжэтаў пра Расею. Геаграфія «незадаволеных» – падобная, бо экзатычная: Мексіка, Марока, Алжыр, Бразілія. «Deutsche welle» атрымалі пад адным відэа 3,5 тысячы дыслайкаў.

Рэдакцыя Belsat.eu мае намер звярнуцца да адміністратараў сервісу YouTube з просьбаю разгледзіць падазроную актыўнасць. Праз вялікую колькасць негатыўных ацэнак немагчыма, напрыклад, заблакаваць канал, але гэты паказнік можа нашкодзіць у пазіцыянаванні нашага відэа ў Google.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў