На журналіста, якому пры затрыманні пабілі нос, склалі пратакол за непадпарадкаванне

Антон Трафімовіч пасля затрымання. Фота: svaboda.org

Антона Трафімовіча 17 ліпеня даставілі ў РУУС Заводскага раёну Менску, дзе на яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, паведамляе радыё «Свабода».

Журналістаў Антона Трафімовіча і Віялету Саўчыц затрымалі 15 ліпеня пасля таго, як скончылася падача скаргаў у ЦВК на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Як паведамляў карэспандэнт «Белсату», міліцэйскі мікрааўтобус ехаў наўпрост за імі, пасля з яго выйшлі каля пяці чалавек і затрымалі журналістаў.

Праз гадзіну Саўчыц і Трафімовіч вызвалілі. Апошняму пры затрыманні пабілі нос.

Затрыманне журналістаў. Фота: belsat.eu

«Людзі ў цывільным выскачылі з мікрааўтобуса. Не прадстаўляючыся, закруцілі жорстка. І ў нейкі момант пры затрыманні па носе вельмі моцна стукнулі – і ўсё было ў крыві ў мікрааўтобусе», – распавёў Антон Трафімовіч абставіны затрымання ў каментары belsat.eu.

У Менску тысячы людзей стаялі ў чарзе, каб падаць скаргу ў ЦВК. Адбыліся затрыманні. СТРЫМ

На наступны дзень афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Наталля Ганусевіч сказала, што Антон Трафімовіч «аказаў непадпарадкаванне».

«Грамадзянін аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У рамках адміністрацыйнага працэсу ён быў затрыманы і дастаўлены для разбору ў Заводскі РУУС гораду Менску. Цялесныя пашкоджанні, пра якія паведамляе малады чалавек, былі атрыманыя ім падчас непадпарадкавання. Па факце атрымання цялесных пашкоджанняў матэрыял накіраваны ў падраздзяленне Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь для правядзення праверкі і дачы прававой ацэнкі», – сказала Ганусевіч.

Раніцай 17 ліпеня журналіст ехаў здымаць пабоі ў судмедэкспертызу. На вуліцы Кіжаватава да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і звезлі ў РУУС Заводскага раёну. Журналіст правёў у міліцыі каля дзвюх гадзін. Ён адмовіўся даваць паказанні і не падпісаў пратаколы.

«Сказалі, што павязуць у суд, але адпусцілі без тлумачэнняў. Я ўпэўнены, гэта проста яшчэ адна спроба застрашыць мяне і іншых журналістаў», – сказаў Трафімовіч.

Журналіст падаў заяву ў Следчы камітэт, просіць распачаць крымінальную справу паводле артыкулу 198 КК – перашкода прафесійнай дзейнасці журналіста.

МГ belsat.eu

Hавiны