На якія мэты беларусы бяруць хуткія спажывецкія крэдыты


Па выніках мінулага году аб’ём спажывецкага крэдытавання ў Беларусі вырас на 45,7 %, або на 1,375 мільярдаў рублёў. Гэта ўжо другі год запар, калі тэмп росту рынку спажыўкрэдытавання перавышае 40 %.

Вера Януть, намеснік дырэктара дэпартаменту раздробнага бізнесу Банку Дабрабыт распавяла, на што беларусы бяруць спажывецкія крэдыты, на які тэрмін і якія сумы, піша marketing.by.

Паводле яе словаў, калі паглядзець на графік росту запазычанасці фізічных асобаў па крэдытах, то можна заўважыць максімальны попыт у красавіку-траўні перад адпачынкамі і ў жніўні-верасні перад пачаткам школьнага сезону. Таксама ўпэўнены рост у лістападзе-снежні перад навагоднімі святамі. Па гэтых датах можна прыкладна зарыентавацца, на што беларусы ў асноўным бяруць крэдыты.

У залежнасці ад тавараў «хуткія крэдыты» бяруць на тэрмін 12-24 месяцаў. Мяркуючы па статыстыцы Нацбанку, попыт на гэтыя крэдыты паступова расце: калі ў студзені 2018 году доля новых спажывецкіх крэдытаў на тэрмін 1-2 гады складала 15,7 %, то ў снежні іх ужо было 19,2 % ад усіх выдадзеных крэдытаў фізічным асобам.

«Як правіла такія крэдыты афармляюцца на набыццё мабільных тэлефонаў, бытавую тэхніку, тэлевізары, мэблю. А сярэдняя сума запытанага крэдыту вагаецца ў межах 500-2000 беларускіх рублёў», – удакладніла Вера Януть.

Яшчэ адзін цікавы факт, што пры бурным росце спажывецкага крэдытавання плацежная дысцыпліна беларусаў застаецца высокай. Паводле Нацбанку доля пратэрмінаванай запазычанасці па спажывецкіх крэдытах за 2018 год знізілася з 0,9 % да 0,6 %.

Выйграла падарункі – і атрымала вялізны крэдыт у прыдачу

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары