«На яго моцна ціснулі, але ён моцна супраціўляўся»


Штогод 20 снежня гэтае месца пахавання наведваюць неабыякавыя людзі. Смерць Андрэя Зайцава чатырнаццаць гадоў таму папоўніла сумнавядомы беларускі спіс асобаў, якія трапілі пад жудасную машыну пераследу і рэпрэсіяў.

«З якой бы прычыны чалавек ні пайшоў з жыцця, мы мусім памятаць. І зніклых, і забітых, і закатаваных», – зазначае Уладзімір Няпомняшчы, грамадскі актывіст.

Гамяльчук Андрэй Зайцаў быў сябрам моладзевай арганізацыі «Зубр». Як цвердзяць ягоныя паплечнікі, валодаў здольнасцямі лідара і меў уплыў на моладзевае асяроддзе, браў актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2001 года. Цкаваннем моладзевага актывіста займаўся чалавек, які адрэкамендаваўся працаўніком КДБ Аляксандрам Еўсцігнеевым.

«Калі ён быў моладзевым лідарам у 2001 годзе, ім вельмі моцна займалася КДБ. Яго выклікалі, шантажавалі ягоным прыватным жыццём. На яго вельмі моцна ціснулі, але ён вельмі моцна супраціўляўся», – распавядае Андрэй Толчын, грамадскі актывіст.

Неўзабаве пасля публікацыі Зайцавым запісу чарговай такой тэлефоннай размовы з пагрозамі ў незалежных медыях, маладзёна знайшлі павешаным ва ўласнай кватэры. Трагедыя здарылася ў сімвалічны дзень – чарговую гадавіну заснавання ВЧК-КГБ. У Камітэце дзяржаўнай бяспекі адмаўлялі сваю датычнасць да ціску на актывіста і нават самое існаванне працаўніка пад імем Аляксандр Еўсцігнееў.

Частка паплечнікаў Андрэя лічыць, што яго давялі да самагубства. Іншыя схіляюцца нават да версіі забойства. Так ці інакш, крымінальнай справы не завялі.

«Чатырнаццаць гадоў ён ляжыць у зямлі, а людзі, вінаватыя ў ягонай гібелі, дагэтуль не панеслі адказнасці. Я спадзяюся, што прыйдзе час, калі мы знойдзем гэтых людзей, бо дакументы не знікаюць. Няхай яны адкажуць за тое, што яны зрабілі», – дадае Андрэй Тоўчын.

На жаль, Андрэй Зайцаў аказаўся не апошнім у сумным спісе. Падобным чынам шэсць гадоў таму пайшла з жыцця салігорская праваабаронца Яна Палякова. Трагедыя здарылася пасля таго, як жанчыну прысудзілі да «хіміі» нібыта за паклёп на міліцыянта Віктара Пугачова. Але, як цвердзіла актывістка, менавіта ён жорстка збіваў яе. Пасля ў газеце адміністрацыі прэзідэнта «Совесткая Белоруссия. Беларусь Сегодня» з’явіўся абразлівы артыкул. На наступны дзень Яны Паляковай не стала.

Ян Бабіцкі, Белсат

Стужка навінаў