На «World Press Photo» перамог фатограф за здымак забойства расейскага амбасадара ў Турцыі


Фатограф агенцтва Associated Press Бурхан Азбіліджы зрабіў здымак праз некалькі секунд пасля забойства Андрэя Карлава 19 снежня на адкрыцці фотавыставы ў цэнтры сучаснага мастацтва Анкары. Здымак уваходзіць у серыю «Замах у Турцыі».

Журы вырашыла, што менавіта гэтая фатаграфія ў поўнай меры адлюстроўвае нянавісць, якая ахапіла свет.

На фота 22-гадовы паліцыянт Меўлют Мерт Алтынташ трымае ў руцэ пісталет, на заднім плане ляжыць цела дыпламата. У момант замаху нападнік крычаў: «Алах Акбар. Мы паміраем у Алепа, ты памрэш тут!» Неўзабаве яго застрэлілі супрацоўнікі спецпадраздзялення.

Летась галоўны прыз атрымаў Уорэн Рычардсан за здымак уцекачоў, які ён зрабіў на сербска-вугорскай мяжы ў жніўні 2015 года. Праца называецца «Надзея на новае жыццё».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў