На выбарчых участках каля Менску за Лукашэнку прагаласавалі ўсяго 5 % выбарцаў


На выбарчых участках № 26 і 27, якія размяшчаюцца ў мясцовасці Капішча, што каля Менску, камісіі пасля падліку галасоў вывесілі пратаколы, паводле якіх Аляксандр Лукашэнка атрымаў усяго 5 % галасоў. Пра гэта «Белсату» распавёў Матэвуш Баек, які аналізуе пратаколы, што паступаюць у кампанію «Зубр».

Матэвуш Баек.
Фота: архіў героя

Матэвуш Баек, які аналізуе пратаколы з выбарчых камісіяў, распавёў «Белсату», што з наяўных звестак Лукашэнка не мае перавагу на выбарах.

«Падчас аналізу пратаколаў у межах кампаніі «Зубр»я знайшоў два дакументы, у якіх афіцыйна Лукашэнка атрымаў усяго толькі 5 % галасоў выбарнікаў. За мяжой насамрэч такіх вынікаў галасавання нашмат болей. А ў Беларусі гэтыя пратаколы з адной і той жа мясцовасці, што пацвярджае дакладнасць вынікаў. Гэта мясцовасць – Капішча. Гэта недалёка ад Менску, раней тут была вёска, а цяпер пабудавалі шматпавярховікі. Вядома, што там жывуць маладыя людзі, якія галасавалі не так, як хацеў Лукашэнка, гэта значыць, супраць яго», – распавёў Матэвуш Баек.

Пратаколы галасавання. Фота: кампанія «Зубр»
Пратаколы галасавання. Фота: кампанія «Зубр»

Раней штаб Святланы Ціханоўскай заявіў, што мае афіцыйныя вынікі з 250 выбарчых камісіяў, паводле якіх Святлана атрымала перамогу на выбарах з вынікам 60-70 %. Гэта таксама пацвярджаюць незалежныя назіральнікі з усіх рэгіёнаў краіны.

СК belsat.eu

Стужка навінаў