На выбарах у Зімбабвэ перамог «Кракадзіл», незадаволеных разагналі сілавікі


На першых за амаль 40 гадоў выбарах у Зімбабвэ, у якіх не браў удзел дыктатар Роберт Мугабэ, перамог дзеючы лідар краіны Эмерсан Мнангагва па мянушцы «Кракадзіл». Апазіцыя вынікі выбараў не прызнала.

Галоўным супернікам Мнангагвы быў лідар апазіцыйнага «Руху за дэмакратычныя перамены» Нэльсан Чаміса. Па дадзеных ЦВК Зімбабвэ, Мнангагва ў выніку атрымаў 50,8% галасоў, а Чаміса – 44,3%.

Па выніках парламенцкіх выбараў, якія праходзілі адначасова, дэмакратычная апазіцыя атрымала 40 з 210 месцаў у галоўным заканадаўчым органе краіны, паведамляе РБК.

Апазіцыя ўпэўненая, што выбары былі сфальсіфікаваныя і перамог Чаміса. Яшчэ 1 жніўня ў цэнтры сталіцы Харарэ прайшлі масавыя пратэсты, якія былі разагнаныя войскамі – загінуў мінімум адзін чалавек.

Сёння ў сталіцы Зімбабвэ Чаміс сабраў прэс-канферэнцыю, на якой сабраўся расказаць пра фальсіфікацыі выбараў, але мерапрыемства было таксама спыненае паліцыяй.

Нагадаем, пасля таго як прэзідэнта Зімбабвэ стаў Эмерсан Мнангагва па мянушцы «Кракадзіл» паміж Менскам і Харарэ істотна актывізаваліся стасункі. Гэтак, напачатку сакавіку, краіну наведаў кіраўнік Упраўлення справамі прэзідэнта Віктар Шэйман – ён падпісаў кантракты на суму каля 58 млн USD, у тым ліку па пастаўках беларускіх трактароў на 43 млн USD і тэхнікі для лясной гаспадаркі на 15 млн USD.

У траўні афрыканскія СМІ паведамлялі, што паліцэйскія з Зімбабвэ будуць праходзіць падрыхтоўку ў Беларусі ў межах падпісанага паміж двума краінамі мемарандуму аб супрацы ў барацьбе са злачыннасцю. Подпіс пад дакументамі паставілі кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч і ягоны калег з Зімбабвэ Обэрт Мпофу падчас асабістай сустрэчы.

Прэзідэнт Зімбабвэ Мнангагва. Фота – REUTERS/Philimon Bulawayo

Эмерсан Мнангагва па мянушцы «Кракадзіл» пачаў кіраваць Зімбабвэ пасля дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 2017 года, калі з пасады прэзідэнта быў зрынуты Робэрт Мугабэ, што ўзначальваў краіну 27 гадоў.

Калі ў 1980 годзе Мугабэ прыйшоў да ўлады, у Зімбабвэ (былая брытанская калонія Радэзія) была адна з самых моцных эканомік сярод афрыканскіх дзяржаў. Цяпер краіна ўваходзіць у трыццатку самых бедных у свеце. Рэжым Мугабэ абвінавачваюць у чорным расізме, катаваннях і забойствах палітычных апанентаў, карупцыі і фальсіфікацыі выбараў. Праўда, у Мнангагвы рэпутацыя не лепш – за сваю жорсткасць у часы грамадзянскай вайны ён атрымаў мянушку «Кракадзіл», а падчас прэзідэнцтва Мугабэ ўзначальваў спецслужбы і асабіста кіраваў палітычнымі рэпрэсіямі ў Зімбабвэ.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў