Выбары без выбару: Туркменістан абіраў прэзідэнта


Дзейны прэзідэнт заняў пасаду 10 гадоў таму, пасля смерці мінулага туркменбашыСапармурата Ніязава, які кіраваў краінаю з 1991-га года. У часе агітацыйнай кампаніі Гурбангулы Бердымухамедаў адмовіўся ад вылучанага яму на тэлебачанні часу.



Мясцовыя медыі не стамляюцца распавядаць пра тое, як грамадзяне любяць прэзідэнта: яго ўзвышаюць як пісьменніка, спартоўца, спевака і кампазітара. Два гады таму ў Ашгабаце яму паставілі пазалочаны помнік.

Міжнародныя ж праваабарончыя арганізацыі ўлучаюць Туркменістан у лік найбольш рэпрэсіўных і закрытых краінаў свету, дзе ўлады кантралююць усе аспекты грамадскага жыцця, абмяжоўваюць доступ да інфармацыі, а праявы іншадумства жорстка спыняюць.

У верасні Гурбангулы Бердымухамедаў зацвердзіў новую рэдакцыю Канстытуцыі, якая адмяняе 70-гадовы ўзроставы цэнз для кандыдата на найвышэйшую пасаду і павялічвае тэрмін прэзідэнцтва з пяці да сямі гадоў. Кандыдат мусіць атрымаць больш за 50 адсоткаў ад агульнай колькасці галасоў, пры гэтым выбары адбываюцца пры любой яўцы. Пяць гадоў таму Бердымухамедаў святкаваў перамогу, атрымаўшы больш за 97 адсоткаў галасоў. Афіцыйны вынік прэзідэнцкіх выбараў абвесцяць праз сем дзён.

На пасаду прэзідэнта балатавалася 9 кандыдатаў. Гэта найбольшая колькасць кандыдатаў у параўнанні з папярэднімі выбарамі. Так, у прэзідэнцкіх выбарах 2012 г. удзельнічала 8 кандыдатаў, у выбарах 2007 года – 6 кандыдатаў.

Таксама гэта першыя прэзідэнцкія выбары ў Туркменістане, на якіх сваіх кандыдатаў вылучылі тры палітычныя партыі. Дэмакратычная партыя вылучыла дзейнага прэзідэнта – Гурбангулы Бердымухамедава; Партыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў – старшыню праўлення акцыянернага-камерцыйнага банка «Рысгал» Бекмырата Аталыева; Аграрная партыя – старшыню Марыйского камітэту Аграрнай партыі Дурдыгылыча Аразава.

6 кандыдатаў вылучаны ініцыятыўнымі групамі грамадзян

Сярод іх: намеснік хякіма (кіраўніка) Марыйскага велаятах Джуманазар Аннаеў; дырэктар Сейдзінскага нафтаперапрацоўчага заводу Рамазан Дурдыеў; намеснік хякіма Дашагузскага велаятах Мерэтдурды Гурбанаў; начальнік галоўнага ўпраўлення эканомікі і развіцця Ахалского велаятах Сердар Джалілаў; генеральны дырэктар вытворчага абʼяднання «Гарабогазсульфат» Дзяржаўнага канцэрна «Туркменхімія» Сулейманнепес Нурнепесаў, намеснік старшыні Дзяржаўнага абʼяднання харчовай прамысловасці Максат Аннанепесаў.

Маніторынг галасавання ажыццяўлялі 3223 нацыянальных назіральніка, а таксама 151 міжнародны назіральнік.

Цяпер ЦВК вядзе падлік галасоў.

ВД, паводле interfax.ru

Стужка навінаў