На возеры ў Магілёве, дзе забаронена купацца, пасяліліся 30 лебедзяў


Папулярнае ў мінулым месца пляжнага адпачынку – Святое возера ў Магілёве – аблюбавалі белыя лебедзі. Іх тут назбіралася вялікая чарада – прыблізна 30 птушак. Раней магілёўцы прыходзілі сюды пакупацца і пазагараць, а сёння – пакарміць лебедзяў і зрабіць некалькі здымкаў з прыгожымі птушкамі ў «Інстаграм».

І толькі адна сям’я замест булкі з якасці пачастунка для птушак прынесла крупу.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

– Мама, мама! Можна я пайду ў ваду?

– Тут нельга плаваць, вада вельмі брудная, яшчэ падчэпіш што, – кажа маці, якая прывяла свайго сына пакарміць птушак.

Пачаставаць лебядзеў цікава і дзецям, і дарослым.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

У Святым возеры ў Магілёве забаронена купацца ўжо больш за пяць гадоў. Вада не адпавядае санітарна-гігіенічным патрабаванням. А на ачышчэнне возера ад ілу патрэбная вялікая сума грошай, якой у гарадскіх уладаў пакуль няма. З іншага боку, багатае фіта- і зоапланктонам возера дае пракарміцца птушкам. Таму людзям застаецца толькі назіраць… як на возеры адпачываюць крылатыя.

Дзяржаваю ахоўваюцца толькі месцы гнездавання гэтых птушак, на Святым возеры такіх пакуль не знойдзена.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Прывабліваць, але не закормліваць

Назіраць за лебедзямі вельмі цікава. Гэта вялікія і прыгожыя птушкі. Яны лёгка ідуць на кантакт з людзьмі і за ежу могуць падплыць на адлегласць да аднаго метра. Вядома, людзі гэтым карыстаюцца і штодзень прыносяць лебедзям на Святое возера небяспечны пачастунак – белы хлеб.

Птушак варта карміць толькі ў халодную пару года, калі дзённая тэмпература апускаецца да мінус 15 градусаў.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

«У нас тры батоны, яшчэ адзін у машыне застаўся!» – кажуць маладзёны, якія прыйшлі вялікаю кампаніяй. На пытанне, ці ведаюць яны, што белы хлеб шкодны птушкам, хлопец адказвае: «Ну, а што зрабіць, нам таксама шмат чаго нельга есці, але ж мы ямо», – і працягвае кідаць у ваду мякіш.

Спецыялісты не раяць карміць птушак белым хлебам. Ён для птушак, нібы фаст-фуд для людзей.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Абсалютная большасць людзей прыносіць з сабою менавіта белы хлеб. Галоўныя аргументы – яго птушкі добра ядуць, заўсёды так рабілі, яго можна далёка закінуць. Але насамрэч хлеб не найлепшая ежа для птушак. Эксперты раяць прыносіць іншае:

«Белым хлебам можна прывабіць птушку, каб яна падплыла да берагу, але не варта даваць яго ў вялікай колькасці. Булкі для птушак – што фаст-фуд для людзей: дапамагаюць насыціцца, але здароўя не прыносяць», – адзначае арнітолаг з Аховы птушак Бацькаўшчыны Сямён Левы.

Батон – не тая ежа, якая патрэбная птушкам.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Аўсянка ці прарошчаная пшаніца – здаровы пачастунак для лебедзяў

«Лепей узяць у краме тую ж самую аўсянку, напрыклад, пачак «Экстра» і высыпаць камякі ля ўскрайку вады. Гэта будзе нашмат больш карысна для птушкі. А найлепшы варыянт – частаваць лебедзяў прарошчаным зернем», – кажа Сямён Левы.

За лебядзямі цікава назіраць.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Адмысловец сцвярджае, што хлебны рацыён адмоўна ўплывае на працу страўніка і нырак птушак. Існуе тэорыя, што на наступны сезон пасля ўжывання хлеба ў лебедзяў зніжаецца колькасць патомства.

Наагул карміць птушак улетку, калі яны самыя могуць лёгка пракарміцца, мяркуе Сямён Левы, дзіўна.

Мала хто задумваецца над тым, чым яны частуюць птушак.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

«Птушак варта карміць толькі ў халодную пару года, калі дзённая тэмпература апускаецца да мінус 15 градусаў. Бо для іх у гэты час застаецца менш адкрытай вады і ім цяжэй пракарміцца. Але большасць птушак на зімоўлі ў Беларусі не атрымлівае падкормкі і ўсё роўна выжывае. Што ўжо казаць пра лета, калі знайсці сабе натуральны корм, які падыходзіць і адпавядае патрабаванням арганізму птушкі, вельмі проста», – кажа арнітолаг Сямён Левы.

Вада ў возеры брудная, але для птушак у гэтым нават ёсць свая перавага – болей ежы яны могуць знайсці ў вадзе.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Рыбацкія кручкі і блёсны – галоўная небяспека для лебедзяў

Лебедзь для чалавека з ежай у руках не ўяўляе ніякай пагрозы, максімум, што ён можа, – дзюбаю прыхапіць за пальцы, але гэта не страшна.

Лебядзіны хлеб намагаюцца забраць сабе чайкі.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Агрэсіўным лебедзь бывае толькі ў адным выпадку: калі нешта пагражае ягоным дзецям. Лебедзі маюць вельмі моцныя крылы, вядомыя выпадкі, калі крыламі яны забівалі сабаку. А калі іх паспрабуе схапіць чалавек, то лебедзь здолее адбіцца пры дапамозе вялікіх кіпцюроў на лапах.

Людзі штодзень прыносяць лебедзям на Святое возера небяспечны пачастунак – белы хлеб.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Самае небяспечнае для лебедзяў – гэта пакінутыя на беразе рыбацкія блёсны і кручкі. За іх птушка можа зачапіцца ці нават праглынуць іх. А электралініі – у выпадку, калі птушкі будуць перамяшчацца ў межах гораду.

Усяго на возеры налічваецца каля 30 лебедзяў.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Лебедзя-шыпуна ахоўвае дзяржава

Адмыслоўцы адзначаюць у Беларусі ўсяго тры віды лебедзяў: шыпун, клікун і малы лебедзь. У лебедзяў на Святым возеры ў Магілёве памаранчавая дзюба з чорным заснаваннем, значыць, гэта лебедзі-шыпуны.

Лебедь-шыпун калісьці быў занесены ў Чырвоную кнігу, але цяпер ён у спісах прафілактычнай аховы.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu

Лебедзь-шыпун калісьці быў занесены ў Чырвоную кнігу, але цяпер ён у спісах прафілактычнай аховы. Гэта значыць, ахоўваюцца толькі месцы гнездавання гэтых птушак. На Святым возеры такіх месцаў пакуль няма, і дакладна невядома, колькі часу птушкі пражывуць на возеры.

Вольга Васільева, фота аўтара / belsat.eu

Лебедзь не ўяўляе ніякай пагрозы для чалавека, максімум ён можа дзюбаю прыхапіць за пальцы.
Фота: Вольга Васільева / belsat.eu
Стужка навінаў