На вірусным відэа з пацуком, які мыецца мылам, – не пацук

ВІДЭА

У інтэрнэце з’явілася відэа, на якім бачна як жывёліна, падобная на пацука, мыецца як чалавек. Але аказалася, што гэта не мыццё. І не пацук.

Відэа было знята ў невялікім горадзе Гуарас у цэнтральным Перу. На кадрах бачна, як грызун стаіць на задніх лапках у ракавіне і робіць рухі, быццам мыецца мыльнай вадой.

Відэа стала вірусным, яго паглядзелі мільёны людзей па ўсім свеце.

У размове з Gizmodo біёлаг Туомас Айвэла з Хельсінскага ўніверсітэту сцвярджае, што жывёліна не мыецца, а хоча пазбавіцца ад мыла.

Яе рухі даволі дзіўныя, – кажа даследчык; – Так пацук рабіць не будзе – прынамсі, калі толькі не хоча ад чагосьці пазбавіцца. Ён увесь у мыле – і, імаверна, хоча ад яго пазбавіцца.

Newsweek піша, што гэта, увогуле, не пацук, а пакарана.

Вялікая галава, можа стаяць на двух лапах, гнуткія пярэднія канечнасці, кароткі цвёрды хвост і колер футра – гэтая жывёліна адпавядае выгляду пакараны, – заявіў у размове з выданнем эвалюцыйны біёлаг Далас Крэцнэль з Чыкагскага ўніверсітэту.

Тое, што відэа было знята ў Перу, дадае гэтым словам яшчэ большай імавернасці.

Пакарана (Dinomys branickii) – грызун з сямейства пакаранавых, жыве ў Паўднёвай Амерыцы. Нагадвае марскую свінку. Знаходзіцца ў Міжнароднай Чырвонай кнізе.

Эксперты падкрэсліваюць, што пакараны, як і пацукі, таксама не выкарыстоўваюць для ўласнае гігіены мыючых сродкаў.

Хутчэй за ўсё, аўтары відэа вырашылі пажартаваць над жывёлінай, выліўшы на яе мыльны раствор.

ДД

Глядзі таксама
Каментары