На ўзбярэжжы пад Каложскай царквою ў Горадні знайшлі таямнічыя знакі


На збудаваным у 30-я гады ўзбярэжжы знойдзеныя адбіткі далоняў, якія вельмі нагадваюць «хамсу» – старадаўні габрэйскі сімвал-абярэг.

Сёлета ўлетку ў Горадні толькі лянівы не пісаў пра абмяленне Нёмну ды розныя збудаванні, якія то тут, то там пачалі паказвацца з-пад вады. Тады акурат пад гарою, на якой стаіць Каложская царква ХІІ ст., былі знойдзеныя адбіткі далоняў і таямнічыя знакі. Першым пра адбіткі са знакамі паведаміў адзін з мясцовых рэсурсаў.


У камень ды бетон Нёман апранулі ў 1930-я, дзякуючы намаганням мясцовага музейніка Юзафа Ядкоўскага, таму бетон узбярэжжа мае сягаць перадваенных часоў. Менавіта на гэтым бетоне выразна бачныя адбіткі некалькіх далоняў, а ўнутры кожнай – накрэслены знак.

Самае цікавае – знакі ўнутры далоняў. Вонкава яны нагадваюць недасведчанаму гледачу кірылічную літару «П». Калі звярнуцца да юдэйскай традыцыі, высветліцца, што далонь з падобным знакам – гэта «хамса» – сімвалічны знак у выглядзе рукі з літарай «ה» (першая літара слова «хамса» – пяцёрка). У якасці абярэгу «хамсу» выкарыстоўваюць як габрэі, так і мусульмане, якія да сёння носяць сімвалічную далонь у выглядзе кулонаў або амулетаў.

Старшыня савету Юдэйскай грамады ў Горадні Барыс Квяткоўскі дадае, што далоні ў юдаізме – гэта таксама жэст добраслаўлення каэнаў, прадстаўнікоў святарскага саслоўя з роду нашчадкаў Аарона. З гэтай прычыны на габрэйскіх могілках вельмі часта можна сустрэць надмагіллі з выявай двух далоняў.

Калі адбіткі на бетоне сапраўды належаць габрэям, то адкуль яны там узяліся?.. Усё тлумачыцца вельмі проста. Паколькі габрэяў у перадваеннай Горадні было поўна, зусім не выключана, што яны працавалі будаўнікамі падчас умацавання ўзбярэжжа. Адбіткі ж пакінулі як памяць аб сабе, замест аўтографаў, ды ў якасці абярэгу: каб збудаванае стаяла доўга.

Ёсць, праўда, і іншая версія, больш трагічная. Паколькі цягам вайны гарадзенскае гета знаходзілася зусім побач – у квартале паміж Замкавай і Вялікай Траецкай – яго жыхароў немцы часта выганялі на працы ў горад. Так, напрыклад, паўстала каменная лесвіца ды мост праз Гараднічанку. З тым жа поспехам, габрэяў маглі выганяць на рамонт ды ўмацаванне ўзбярэжжа каля Каложы, якая знаходзіцца тут жа. У такім выпадку ананімныя будаўнікі маглі пакінуць адзнакі сваёй культуры як апошні напамін пра сябе…

АК, belsat.eu

Стужка навінаў