На Ушаччыне развіталіся Валянцінаю Быкавай


Сястра славутага пісьменніка не дажыла да 90-годдзя ўсяго некалькі дзён. Асаблівага смутку сённяшняму дню дадавала і прычына смерці спадарыні Валянціны – месяц таму на яе здзейснілі напад невядомыя, увесь гэты час яна правяла ў Віцебскім абласным шпіталі.

Развітанне з сястрою народнага пісьменніка Васіля Быкава і захавальніцай ягонае памяці адбылося ў ейнай хаце ў вёсцы Ваўчо за два кіламетры ад Ушачаў. Валянціну Быкаву паводле ейнай волі пахавалі побач з мужам, на мясцовых могілках.

«Яна б магла яшчэ пажыць. Я такога чалавека мяккага і добразычлівага ў сваім жыцці немалым не сустракала. Так што дужа яе шкада», – кажа Валянціна Барадуліна, удава Рыгора Барадуліна.

Валянціна Быкава не дажыла да свайго 90-годдзя ўсяго тры дні. Апошні месяц яна правяла ў рэанімацыйным аддзяленні Віцебскага абласнога шпіталю пасля таго, як напрыканцы траўня на яе напаў невядомы зламыснік проста ў ейным доме. У спадарыні Валянціны дыягнаставалі пералом запясця правае рукі, левага пляча і некалькіх рэбраў. Але сярод вяскоўцаў распаўсюджваецца меркаванне, што на яе ніхто не нападаў.

«Пайшлі размовы, што на яе ніхто нападаў, што яна сама аб гэты парог ударылася. І не адзін раз упала», – кажа жыхар вёскі Ваўчо.

Жанчана з гэтай жа вёскі выказвае сваё меркаванне:

«Толькі сама. Яна павалілася, ударылася, паламала. Старасць ужо, 90 гадоў, якія косці!»

На старасць спасылаюцца і медыкі, хоць вынікаў ускрыцця пакуль няма. Але шмат хто са знаёмых спадарыні Валянціны не згодны з меркаваннем, што прычына трагедыі – сталы век жанчыны, і што яна пабілася сама. Журналіст Глеб Лабадзенка адзначае, што ёсць некалькі чалавек, якім нябожчыца падрабязна апісала напад.

«Чалавек збіты быў. І гэтае збіццё прывяло да таго, да чаго прывяло. Ці быў нападнік – пытанне да праваахоўных органаў. у нас усё дарослае насельніцтва здавала адбіткі. Я не думаю, што нападнік у гумовых пальчатках на бутэльку шукаў. Прайшоў месяц ужо – дзе звесткі, дзе інфармацыя?» – пытаецца журналіст Глеб Лабадзенка.

Пасля смерці старэйшага брата Васіля спадарыня Валянціна шмат рабіла для захавання ягонае памяці. Калі ў Бычках стваралася мемарыяльная сядзіба-музей, яна давала парады па ўзнаўленні інтэр’еру бацькоўскае хаты. Сястра пісьменніка ліставалася з прыхільнікамі ягонае творчасці, сябравала з творцамі і журналістамі, неаднаразова давала інтэрвю, распавядаючы пра брата.

«Мы бачыліся апошні раз два месяцы таму, яна праводзіла экскурсію па Бычках. Прыехаў цэлы аўтобус людзей, яна заўсёды ахвотна падсаджвалася да нас у аўтобус і, канешне, найлепшы экскурсавод яна была па сваёй радзіме разам са сваім вялікім братам», – распавядае Глеб Лабадзенка.

Памерла ж спадарыня Валянціна ў адзіноце, бо наведнікаў да яе ў рэанімацыйнае аддзяленне не пускалі. Пахаванне арганізавала сацыяльная служба райвыканкаму.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu, фотаздымак novychas.by

Стужка навінаў