На судзе Паліенка будзе маўчаць. Анархісту пагражае да 10 гадоў турмы


Анархіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка вырашыў маўчаць падчас судовага паседжання, якое адбудзецца 25 верасня.

«Дзмітрый, прыняў рашэнне ніяк не ўдзельнічаць у сярэднявечным цемрашальстве, якое зладзіла супраць яго сістэма. Ён будзе байкатаваць суд поўнай адмовай ад дачы паказанняў і якой-кольвек камунікацыяй з катамі дыктатуры», – паведаміў у суполцы «dissidentby» Вячаслаў Касінераў, паплечнік Змітра.

Крыніца: #dissidentby

Паводле Следчага камітэту, Зміцер Паліенка распыліў пярцовы газ з балончыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэнне ў пад’ездзе. Сябры Паліенкі кажуць, што гэта была самаабарона ад п’янага нападніка.

Супраць Паліенкі распачатыя справы паводле пяці эпізодаў:

  • арт. 130 – за распальванне варожасці да міліцыянтаў;
  • часткі 3 арт. 339 – за хуліганства (паводле сяброў Паліенкі і яго самога, гэта была самаабарона ад п’янага нападніка);
  • арт. 341 – за графіці «Менты забіваюць людзей»;
  • арт. 341 – за графіці ў Курапатах;
  • арт. 369 – за абразу былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.

У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў