На слуцкага блогера Уладзіміра Няронскага завялі крымінальную справу


На блогера са Слуцка Уладзіміра Няронскага распачатая крымінальная справа паводле ч.1 арт. 342 і арт. 369 КК Беларусі, паведамляе TUT.by.

У пастанове, падпісанай кіраўніком следчай групы – намеснікам начальніка галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата СК Аляксандрам Агафонавым, сказана, што Уладзімір Няронскі ў перыяд з 5 па 23 лютага гэтага года размясціў у Youtube відэаматэрыялы, якія змяшчаюць абразы і ў непрыстойнай форме прыніжаюць гонар і годнасць прадстаўніка ўлады – старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

«Сваімі дзеяннямі Няронскі здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) », – гаворыцца ў дакуменце.

Што да абвінавачвання паводле ч.1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), то ў пастанове сцвярджаецца:

Няронскі, «дзейнічаючы наўмысна, групай асоб па папярэдняй змове сумесна з Ціханоўскім, Арановічам, Сакавым, Ушаком, Фурманавым, іншымі нявызначанымі асобамі, размеркаваўшы ролі і ўзгадніўшы дзеянні, пад фармальнай нагодай збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай шляхам пікетавання, арганізаваў групавыя дзеянні, якія адбыліся каля 19 гадзін 55 хвілін 29 мая на плошчы Савецкай у Горадні, у выглядзе незаконнага грамадска-масавага мерапрыемства – мітынгу».

Падчас гэтага мітынгу, паводле следства, Няронскі нібыта ўдзельнічаў у наўмысным гвалце і пагрозах ужывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці і прымусіць да змены характару гэтай дзейнасці. Таксама ён нібыта не падпарадкоўваўся законным распараджэнням і патрабаванням службовых асоб МУС.

У СК таксама лічаць, што Няронскі сваімі дзеяннямі парушаў грамадскі парадак, спакой грамадзянаў і выказваў відавочную непавагу да грамадства.

Нагадаем, праваабаронцы прызналі палітвязнямі васьмярых затрыманых па «справе Ціханоўскага».

КА belsat.eu

Стужка навінаў