На салідарных з Пальчысам ля суда склалі дзесяць пратаколаў


У Менскім гарадскім судзе 18 кастрычніка працягнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні блогера Эдуарда Пальчыса. Сёння міліцыя склала дзесяць адміністрацыйных пратаколаў на салідарных з Пальчысам пікетоўшчыкаў.

Сярод актывістаў, што прыйшлі сёння пад Менскі гарадскі суд, Павал Севярынец, Вольга Мікалайчык, Алесь Макаеў, Зміцер Дашкевіч. На ўсіх іх склалі пратаколы аб парушэнні адміністрацыйнага заканадаўства. Побач з пікетам дзяжурыла група мужчын у чорным, адзін з іх здымае на камеру.

20161017_101829

Актывістка Наталля Гарачка-Басалыга здымала амапаўцаў, што хадзілі вакол. Тыя выбілі ў яе з рук тэлефон.

Як стала вядома пікетоўшчыкам ля суда, у залі іх лозунгі добра чуваць, а «Эдуард трымаецца». Пра гэта belsat.eu расказаў Павал Севярынец.

17 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе аднавіўся закрыты працэс над стваральнікам сайта 1863x.com. Падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы ўзялі з жонкі Пальчыса і з адвакаткі Ганны Бахціной.

Х.М., belsat.eu

Стужка навінаў