На рок-канцэрце ў Палацы Рэспублікі мянчук напаў на дзяўчыну-кантралёра


Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску накіравала для разгляду ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 46-гадовага менчука ў хуліганстве падчас рок-канцэрту ў Палацы Рэспублікі. Пра гэта паведамляецца на сайце Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Паводле пракуратуры, мянчук С. у кампаніі сяброў 12 лістапада 2019 году знаходзіўся на рок-канцэрце ў Палацы Рэспублікі.

«За тым, што адбываецца на сцэне яны назіралі з ложы. У адзін з момантаў мужчыны пачалі танцаваць, размахваючы рукамі і ўключаючы ліхтарык. На такія паводзіны 27-гадовая кантралёр установы зрабіла кампаніі заўвагу, прапанавала прайсці ў партэр, дзе дазвалялася танцаваць. Дзеянні кантралёра не спадабаліся абвінавачанаму, які схапіў і ўтрымліваў дзяўчыну рукамі за шыю і тулава, а пасля стукнуў яе галавой аб крэсла і цягаў рукамі за валасы», – распавялі ў пракуратуры.

Што за канцэрт тады праходзіў у паведамленні не ўдакладняецца. Аднак паводле AFISHA.TUT.BY, 12 лістапада 2019 году ў Палацы Рэспублікі выступаў легендарны шатландскі рок-гурт Nazareth у межах юбілейнага туру.

Як адзначаюць у пракуратуры, пацярпелая ў сваіх паказаннях патлумачыла, што зрабіла заўвагу наведнікам канцэрту праз невыкананне імі правілаў тэхнікі бяспекі. У сваю чаргу, С. заявіў, што не зразумеў словы пацярпелай. А паколькі тая не адказала на яго пытанні, ён ужыў да яе гвалт.

«Абвінавачаны прасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці і ўжыць меры адміністратыўнага ўздзеяння – пракурор раёна адхіліў такое хадайніцтва праз дзёрзкасць злачынства», – адзначаецца ў паведамленні.

Менчуку С. высунулі абвінавачванні паводле ч.1 арт.339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (максімальнае пакаранне – 3 гады пазбаўлення волі).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў