На рэдактара «Вольнага гораду» з Крычава завялі адміністратыўную справу. У яго прайшоў ператрус


Увечары 14 студзеня ў кватэры галоўнага рэдактара крычаўскай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага прайшоў ператрус.

Да журналіста прыйшлі міліцыянты для агляду жылога памяшкання. Пастанову на гэта падпісаў пракурор Крычаўскага раёну Леанід Палевіч. Афіцыйнай падставай для ператрусу стаў змешчаны ў адным з тэлеграм-каналаў фотаздымак групы жыхароў райцэнтру, якія стаяць з бел-чырвона-белым сцягам насупраць райвыканкаму. Сярод шасці ўдзельнікаў акцыі, якія стаяць з вялізным бел-чырвона-белым сцягам насупраць будынка райвыканкама, міліцыянты ўбачылі чалавека, падобнага да Няроўнага.

Сяргей Няроўны.
Фота: racyja.com

Фота нібыта зрабілі ўдзень 13 студзеня. Сяргей Няроўны лічыць гэта фоташопам.

Каля дзвюх гадзін працаўнікі Крычаўскага РАУС Эдуард Краўцоў і Сяргей Ягораў аглядалі кватэру Няроўнага. Паводле журналіста, яны паводзілі сябе карэктна.

У выніку міліцыянты забралі ў Сяргея Няроўнага «на экспертызу» камп’ютар, хоць ён не даваў на гэта сваёй згоды. Яна павінна адбыцца на працягу месяца. Пры гэтым міліцыянты не пакінулі ніякага дакументу пра вынятак тэхнікі. Журналіст плануе пісаць скаргу на гэта.

Таксама праваахоўнікі паведамілі Сяргею Няроўнаму, што ў дачыненні да яго пачаты паводле арт. 23.34 КаАП адміністрацыйны працэс за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавай акцыі.

Журналіст мяркуе, што прычынай затрымання магло стаць тое, што мясцовыя ўлады хвалююць «партызанскія» акцыі ў раёне.

«Яны не могуць злавіць нікога. Пасля летніх акцыяў яны «прызначылі» мяне нібы кіраўніком. Міліцыя не адзін раз мне казала, што лічаць мяне каардынатарам, але доказаў няма. Хутчэй за ўсё зрабілі гэтую правакацыю, уляпілі маю фізіяномію і ў іх з’явілася нагода завесці адміністрацыйную справу і правесці агляд, у выніку якога забраць камп’ютар. У камп’ютары, хутчэй за ўсё, будуць шукаць і грошы, і сувязі з Ціханоўскай, і тэлеграм-каналы, і мясцовую партызанскую актыўнасць», – заявіў Сяргей Няроўны ў каментары belsat.eu.

Другую мэту ператрусу ён бачыць у тым, каб запужаць дадаткова крычаўскіх актывістаў. Пры гэтым у самой акцыі, нават калі яна была, журналіст не бачыць нічога супрацьзаконнага.

Міліцыянты таксама пакінулі Сяргею Няроўнаму нумар тэлефон, каб ён тэлефанаваў, калі раптам каго будзе падазраваць, хто яго «падставіў гэтым фота». Рабіць гэта журналіст не збіраецца.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў