На расейскім Каўказе перастрэлка. Сілавікі кажуць пра 11 забітых з «Ісламскай дзяржавы»


Пад сталіцай Кабардзіна-Балкарыі Нальчыкам адбылася перастрэлка паміж расейскімі федэральнымі сіламі і ўзброенымі баевікамі. Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі паведамляе пра 11 загінулых.

Прадстаўнік інфармацыйнага цэнтру Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту (НАК) Аляксандр Палякоў паведаміў «Інтэрфаксу», што падчас спецаперацыі ў гарах пад Нальчыкам сілавікі знайшлі бліндаж, у якім хаваліся бандыты. Калі ім прапанавалі здацца, тыя пачалі бязладна страляць па праваахоўніках ды кідаць гранаты. У выніку федэральныя сілы заатакавалі ды знішчылі баевікоў – 11 чалавек, якія былі звязаныя з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава», падае interfax.ru

Паводле НАК, гэтыя людзі займаліся перапраўкай жыхароў Кабардзіна-Балкарыі ў Сірыю «для іхнага ўдзелу ў дзейнасці тэрарыстычных груповак».

Акрамя таго, баевікі рыхтавалі шэраг рэзанансных злачынстваў на Паўночным Каўказе, у тым ліку з выкарыстаннем самаробных выбуховых прылад у месцах масавага знаходжання людзей.

У выяўленым бліндажы была абсталявана майстэрня, дзе выраблялі самаробныя бомбы – дзве выбуховыя прылады акурат былі гатовыя. Падыходы да базы былі замінаваныя, а сам бліндаж замаскірованы і падрыхтаваны для працяглага пражывання. На месцы выявілі значную колькасць агнявой зброі і боепрыпасаў.

Пацярпелых сярод грамадзянскага насельніцтва і страт сярод асабістага складу праваахоўных органаў няма.

Раней «Ісламская дзяржава» пагражала Расеі тэрактамі за бамбаванні ў Сірыі.

МЯ, паводле interfax.ru

Стужка навінаў