На прыхільніка Лукашэнкі, які ўдарыў доктара ў Берасці, завялі крымінальную справу


У дачыненні 55-гадовага берасцейца, які ўдарыў фельчара, распачалі крымінальную справу за хуліганства.

Як вынікае з паведамлення міліцыі, да канфлікта на палітычнай глебе, які трапіў на відэа, мужчына ўдарыў яшчэ аднаго медыка.

Нагадаем, што інцыдэнт здарыўся 5 студзеня ў траўмапункце бальніцы. Мужчына гучна сварыўся, а затым ударыў доктара хуткай Андрэя Ракалу ў твар.

Мужчыну раней падабралі на прыпынку з прыкметамі алкагольнага ап’янення. Да яго і выехала брыгада Андрэя Ракалы.

Як згадвае доктар, дарога была нервовая: 55-гадовы мужчына «супраціўляўся, лаяўся, збіраўся выйсці з машыны». Медыкі яго прытрымлівалі, каб ён не нанёс сабе траўмаў.

Медыкі прывезлі мужчыну ў бальніцу – і там ён спачатку ўдарыў фельчара па назе, распавядае Андрэй. Ужо тады давялося выклікаць міліцыю.

– Прыйшоў участковы. Сказаў, што будзе прымаць заяву ад нашага фельчара. Яна давала паказанні ў назіральным кабінеце, а мы стаялі ў калідоры. Гэты мужчына быў у суседнім кабінеце, яго там аглядаў траўматолаг. Раптам у нейкі момант ён выбег, пачаў лаяцца і ўдарыў мяне, – успамінае доктар.

У Андрэя была ЧМТ, і ён быў вымушаны сысці на бальнічны, піша nn.by.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў