На працу да Парашэнкі – чэргі

ВІДЭА

Узлёт прэзідэнта Пятра Парашэнкі пачаўся ў Вінніцы. Гэты горад, які заснавалі нашчадкі вялікіх князёў літоўскіх, сёння – вітрына кіраўніка Украіны. Сваю кампанію ёй вядзе з акцэнтам на поспехі, якія дасягнула Украіна. Чым жыве сталіца Падолля, дзе найлепшыя заробкі на кандытарскай фабрыцы, ды як там ставяцца да Парашэнкі? Рэпартаж Змітра Міцкевіча.

Вінніца – месца станаўлення дзейнага прэзідэнта Украіны не толькі як палітыка, але і бізнесмена. Тут пачалася гісторыя кандытарскай імперыі «Рашэн», а затым і палітычная кар’ера гэтага абмітнага чалавека. У гэтым годзе Парашэнка – адзіны кандыдат, які наведаў сталіцу Падолля.

Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны:

«І таму я сёння тут, у Вінніцы, для таго, каб падзякаваць кожнаму з вас за тое адзінства, якое вы дэманстравалі ўсе пяць гадоў. За вашыя намаганні, так як большасць з вас – валанцёры, ёсць і добраахвотнікі, якія стварылі войска разам са мной, якое спыніла агрэсара. І сярод украінскіх герояў – тысячы нашых з вамі землякоў. Гераічныя часткі, якія дыслакуюцца на Вінніччыне».

Менавіта ў Вінніцы дваццаць гадоў таму Парашэнку абралі дэпутатам Вярхоўнай Рады ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Украіны. Далей – пасады кіраўніка Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, Нацыянальнага банку, міністра замежных спраў і эканомікі ў розных урадах.

«Наша Вінніцкая вобласць – базавая для Пятра Аляксеевіча… За тыя гады палітычнай кар’еры ён вельмі шмат людзей ведае асабіста. Практычна ўсіх дэпутатаў і мясцовых саветаў. Усіх гарадскіх, сельскіх кіраўнікоў, магчыма, не ведае, але з большасцю з іх хаця б сустракаўся падчас візітаў у Вінніцкую вобласць або розных нарад. Таму думаю, што ён падсілкоўваецца энергіяй у Вінніцкай вобласці і горадзе Вінніца», – распавядае Уладзіслаў Тэлэнь, сябра Камітэту выбарнікаў Украіны.

Адзін з галоўных сімвалаў сучаснай Вінніцы – найбуйнейшы ў Еўропе плывучы фантан «Рашэн», які пабудаваў Парашэнка восем гадоў таму за $ 4,5 мільёна. Прадпрыемства «Рашэн» патрабавальнае да супрацоўнікаў, але заробкі тут вышэйшыя, чым сярэднія па прамысловасці ў рэгіёне – $ 400. На Віннічыне створаны поўны цыкл вытворчасці кандытарскай прадукцыі: арандаваная зямля пад вырошчванне неабходных культур, набытыя два цукровыя заводы і пабудаваны адзін малочны. Тут тры тысячы працоўных месцаў.

Парашэнка ці Зяленскі? За каго Сяргей Жадан

Ігар Заікаваты, галоўны рэдактар naparise.com:

«Віннічане рэальна выстройваюцца ў чэргі для таго, каб, калі раптам вызваляецца месца на яго прадпрыемстве, уладкавацца туды на працу. Таму што заробак вышэй за сярэдні па горадзе забяспечаны. Плюс сацыяльны пакет і ўсе астатнія сацыяльныя паслугі. Акрамя таго, перад Новым годам, калі яны збіраюць навагоднія падарункі, яны набіраюць на некалькі месяцаў яшчэ да тысячы чалавек. І людзі займаюць чаргу яшчэ з лета, каб уладкавацца».

З Парашэнкам тут звязваюць паляпшэнне інфраструктуры – рамонт дарог, стварэнне спартыўных і дзіцячых пляцовак, будаўніцтва медычнага цэнтру ў Вінніцы. Падчас кіравання горадам Уладзімірам Гройсманам, цяперашнім прэм’ерам і паплечнікам Парашэнкі, горад атрымаў больш за 100 спісаных швейцарскіх трамваяў і абсталяваў іх бясплатным wi-fi.

«Людзі могуць спакойна звярнуцца да нас. Згодна з законам аб запыце публічнай інфармацыі, органы ўлады на працягу пяці дзён павінны даць адказ на тыя ці іншыя запыты. З нашым бюджэтам можна азнаёміцца ​​на сайце гарадской і абласной адміністрацыі. Плацежкі, якія праходзяць праз дзяржаўнае казначэйства, апублікаваныя на гэтых сайтах. Не толькі жыхары Вінніцы, але нават грамадзяне Беларусі могуць зайсці і паглядзець, як выдаткоўваюцца сродкі абласной і гарадской адміністрацый», – распавядае Уладзімір Мярэжка, кіраўнік Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Вінніцкай гарадской рады.

У Вінніцы шмат зеляніны, невялікая шчыльнасць забудовы, добрыя дарогі і грамадскі транспарт. Ужо чацвёрты год запар Вінніцу прызнаюць найбольш камфортным горадам краіны, што звязваюць з рэформай па дэцэнтралізацыі. Яна дазваляе пакідаць больш грошай у мясцовым бюджэце.

Уладзімір Мярэжка працягвае:

«У першую чаргу гэта тое, што грошы застаюцца на месцах. Калі мы гаворым пра рэформу дэцэнтралізацыі чатырохгадовай даўніны, то бюджэт развіцця гораду Вінніцы складаў 240 мільёнаў грыўняў. На сёння ён складае мільярд сто мільёнаў. Гэта значыць, вы самі бачыце, што больш чым у чатыры разы вырас бюджэт мясцовага савету, які можна ўкладваць непасрэдна ў развіццё інфраструктуры і стварэнне сучаснага еўрапейскага гораду».

Мясцовыя жыхары таксама ў большасці пазітыўна ацэньваюць ролю Пятра Парашэнкі і яго каманды ў развіцці гораду:

«Ён шмат зрабіў для Вінніцы. Паглядзіце, у нас і дарогі сталі добрыя, і Вінніца наагул лепш стала».

«Набярэжная «Рашэн». Раней, 20 гадоў таму, там было страшна прайсціся, зараз там прыемна».

«Больш Гройсман зрабіў, вядома. А яшчэ больш мясцовыя ўлады робяць».

«Зроблена мала, мала і яшчэ раз мала».

«Зрабіў больш, чым усе прэзідэнты, якія былі да гэтага».

«Я не ведаю. Сапраўды толькі адкрыў фантан. Больш, напэўна, нічога. Але горш стала жыць».

Неадназначнае стаўленне людзей да Парашэнкі эксперты тлумачаць вялікімі чаканнямі і неразуменнем функцый прэзідэнта. Ён адказвае за пытанні знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі, але любыя непапулярныя меры ўкраінскіх уладаў у любой сферы пагаршаюць менавіта імідж прэзідэнта.

«Ад яго як ад прэзідэнта чакалі, вядома, большага. На жаль, чамусьці нашыя людзі хочуць і цара, і раба адначасова ў выглядзе прэзідэнта. Цара, які б усё вырашаў, даваў наказы і яны ўсе выконваліся яго падначаленымі. А раба, які б усё за іх рабіў», – разважае Ігар Заікаваты, галоўны рэдактар ​​naparise.com.

Становіцца зразумелым, чаму нават на малой радзіме Парашэнка хоць і выйшаў пераможцам першага тура, адарваўся ад Уладзіміра Зяленскага толькі на долі працэнта. «Войска, мова, вера» – тры кіты кампаніі Парашэнкі. Наколькі гэтыя каштоўнасці і дасягненні ў дадзеных галінах будуць вырашальнымі для большасці ўкраінцаў – пабачым 21 красавіка.

Сюжэт паказаны ў праграме «Прасвет» 12.04.2019

Літва і Беларусь бліжэй перазагрузкі, украінскі Трамп і Вінніца Парашэнкі. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

 

Глядзі таксама
Каментары