На актывіста, які пратэстуе супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем, ціснуць праз міліцыю


УУС Берасцейскага раёну распачала праверку ў дачыненні да жыхара вёскі Булькава Дзям’яна Лепясевіча. Да праваахоўнікаў звярнулася кампанія «АйПауэр», якая будуе акумулятарны завод пад Берасцем, на думку прадстаўнікоў прадпрыемства, актывіст агучыў недакладную інфармацыю, што прычыніла шкоду дзелавой рэпутацыі кампаніі.
«АйПауэр» – гэта дачыннае прадпрыемства Першай акамулятарнай кампаніі (ПАК), мае пераважна кітайскіх інвестараў.
Як сцвярджаюць прадстаўнікі «АйПауэр», інцыдэнт адбыўся 15 студзеня ў палацы культуры вёскі Тэльмы, дзе праходзіла сустрэча грамадзян з уладамі і бізнесменамі. У тым ліку там быў гендырэктар Першай акумулятарнай кампаніі Віктар Лемяшэўскі. Адзін з прысутных – Дзямʼян Лепясевіч – задаваў адказным за будаўніцтва завода пытанні датычна бяспекі гэтага праекта. На яго думку, завод можа быць небяспечным праз выкарыстанне свінца для вытворчасці акумулятараў.
Лепясевіч паказаў кіраўніцтву ПАК мапу Пінска, на якой бачна, што ад завода да бліжэйшага дома ў раёне Жылгарадок – 1060 метраў. Таксама актывісты прадэманстравалі Лемяшэўскаму два фотаздымкі, зробленыя нібыта на акумулятарным заводзе ў Пінску. На фота былі паддоны са свінцовымі чушкамі, якія захоўваюцца на тэрыторыі завода проста на зямлі, а не на бетоннай падстаўцы, як патрабуюць нормы. Пазней у »АйПауэр« заявілі, што Пінскі акумулятарны не мае ніякага дачынення да фота.
«Прыведзены здымак адлюстроўвае тэрыторыю базы філіяла» ДЭУ № 26 «, на якой бачныя складаваныя пліты дарожныя ПДО-2,5 і частка складскога памяшкання арганізацыі. Інфармацыя аб захоўванні свінцовых чушак зʼяўляецца недакладнай і адкрытай хлуснёй », – заявілі ў «АйПауэр».
Спецыяліст па сувязях са СМІ «АйПауэр» Ірына Прыдверава ў размове з журналістам »Белсату« заявіла, што не валодае правам даваць вусныя каментары і прапанавала даслаць ім пісьмовы запыт. Пры гэтым у кампаніі не адмаўляюць, што заява ў міліцыю на Лепясевіча сапраўды паступіла.
У сваю чаргу, Дзямʼян Лепясевіч мяркуе, што нагодай для звароту кампаніі да міліцыі стала адно з тых фота, якія актывіст апрылюдніў падчас сходу 15 студзеня.
«Мне цікава нават паглядзець, на якую канкрэтна фатаграфію спасылаецца кампанія «АйПауэр» у сваёй заяве… Я лічу, што такім чынам на мяне аказваецца ціск. Атрымліваецца, я задаваў пытанні і за гэта на мяне напісалі заяву. У нас ужо пытанні нельга задаваць?», – абураецца актывіст.
Праваабаронца Раман Кісляк, лічыць, што гэта прамы ціск на актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва заводу.
«Замест таго, каб растлумаць пытанні, якія ўзніклі ў грамадзян пры будаўніцтве акумулятарнага заводу, кіраўніцтва кампаніі абрала шлях запалохвання актывістаў, з мэтай спыніць крытыку. Гэта ўсё вядзе да канфрантацыі і да таго, што яшчэ больш прыцягваецца ўвагі да будаўніцтва. І ад гэтага колькасць праціўнікаў будоўлі будзе толькі расці. Пакуль па заяве кампаніі ў міліцыі ідзе толькі праверка ў дачыненні Дзямʼяна Лепясевіча, але калі будзе складзены пратакол, можна будзе казаць аб пагрозе пераследу актывіста», – пракаментаваў сітуацыю ён.
На дадзены момант сабрана ўжо больш за 28 тысяч подпісаў з патрабаваннем спыніць будаўніцтва, і людзі збіраюцца працягваць змагацца і надалей.
СА, belsat.eu

 

Стужка навінаў