На прафесійнае свята СК следчых Гомельшчыны павязуць збіраць бульбу


Каля 80 следчых паедуць у гаспадарку «УваравічыЭліт» у Буда-Кашалёўскім раёне збіраць бульбу. Такім чынам кіраўніцтва Следчага камітэту вырашыла адзначыць прафесійнае свята – дзень працаўнікоў органаў папярэдняга расследавання. У самой гаспадарцы кажуць, што ўпершыню сутыкнуліся з такой прапановай дапамагчы.

Фота: lelchitsy.by

Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне «Саюз следчых» разаслала начальнікам падраздзяленняў СК вобласці ліст за подпісам начальніка ўпраўлення, генерал-маёра юстыцыі Паско. У ім гаворыцца, што 14 верасня неабходна сабраць каля 80 чалавек для «працоўнага дэсанту» у Буда-Кашалёўскі раён. Копію дакументу перадала крыніца блогеру NEXTA.

Паводле лісту, характар працы гэта «збор бульбы на полі пасля ўборкі камбайнам» у раёне вёсак Пыцькаўка і Радзееўка, а таксама сартыроўка сабранага ўраджаю на сховішчы гародніны.

Пасля гэтага ў праграме – канцэрт у мясцовым Доме культуры з узнагароджаннем найлепшых працаўнікоў. Гаворка ідзе пра найлепшых следчых вобласці, а не пра тых, хто сабраў больш бульбы. Начальнікаў падраздзяленняў просяць «правесці тлумачальную работу, па выніках якой сфармаваць спісы» ахвотных паўдзельнічаць.

«Чалавек 70 павінна быць»

«УваравічыЭліт» – буйная гаспадарка, якая налічвае больш за 6,8 тысячы гектараў угоддзяў, дзе працуюць каля 250 чалавек. Раней яна лічылася вельмі перспектыўнай, але ў апошнія гады пачала прыходзіць у заняпад. Сёлета ў траўні сюды прызначылі новага дырэктара – Віктара Госцева.

«Так, мерапрыемства сапраўды адбудзецца. На мінулым тыдні да мяне прыязджаў намеснік начальніка ўпраўлення СК па Гомельскай вобласці і прапанаваў… Чалавек 70 павінна быць», – сказаў Госцеў belsat.eu

Паводле яго, раней ніякія дзяржаўныя, тым больш сілавыя структуры з падобнымі прапановамі ва «УваравічыЭліт» не звярталіся, гэта адбываецца ўпершыню.

«Канешне, усё робіцца на добраахвотнай аснове», – дадала інспектар па кадрах гаспадаркі.

***

Збор ураджаю рознымі працоўнымі калектывамі – гэта традыцыя з савецкага мінулага, калі «ездзілі на бульбу». У нашыя дні гэта практыкуе нават кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, сёлета ў жніўні яму дапамагалі збіраць 20 тонаў кавуноў дзяўчыны са службы пратаколу.

Hавiны
Дзяўчаты і зоркі з мінулага. Хто дапамагае Лукашэнку ў агародзе?
2019.08.30 12:19

КА belsat.eu

Стужка навінаў