На пікет Святланы Ціханоўскай у Слуцку прыйшоў натоўп людзей. СТРЫМ


25 траўня блогер Сяргей Ціханоўскі арганізаваў у Слуцку першыя пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай.

Пікеты Святланы Ціханоўскай у Слуцку сабралі некалькі сотняў чалавек.

Стваральнік YouTube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі. 25 траўня 2020 г. Слуцк

Удзень Сяргей Ціханоўскі арганізаваў пікет непадалёк ад месца, дзе будуецца дом кіраўніка Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага. Месца было абранае невыпадкова. Паводле блогера, слуцкі «мэр» аддаў загад пакараць арыштам ягонага паплечніка Уладзіміра Неронскага, які цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

  • Уладзімір Неронскі браў удзел у «арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу з публічным абмеркаваннем улады». Так міліцыя расцаніла сустрэчу жыхароў Магілёва з камандай блогера Сяргея Ціханоўскага напачатку траўня. Неронскі з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Пад вечар пікет перамясціўся на вуліцу Парыжскай Камуны.

Чарга ахвочых падпісацца за жонку Сяргея Ціханоўскага

Пікеты Ціханоўскіх праходзяць пад слоганам «Стоп таракан!».

Падчас пікетаў у Слуцку было шмат ахвочых сфатаграфавацца з гіганцкім тапкам.

  • Сяргей Ціханоўскі зрабіў тапак іранічным сімвалам выбарчай кампаніі ягонай жонкі.

Сяргей Ціханоўскі паведаміў пра намер ісці ў прэзідэнты на сваім YouTube-канале, але зарэгістраваць ініцыятыўную групу не змог. Да 20 траўня блогер знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, дзе адбываў содні за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй.

Замест Сяргея Ціханоўскага ініцыятыўную групу зарэгістравала ягоная жонка Святлана Ціханоўская. У склад групы ўвайшлі 252 асобы.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў