На Паўночных могілках Берасця перапахавалі больш за тысячу ахвяраў з габрэйскага гета


У канцы студзеня падчас будаўніцтва элітнага жылога кварталу знайшлі парэшткі 1214 ахвяраў з былога габрэйскага гета. Сёння, 22 траўня, іх нарэшце пахавалі.

Парэшткі ахвяраў былога габрэйскага гета пахавалі сёння ў 120 скрынях у супольнай магіле на Паўночных могілках Берасця. Побач стаіць памятны знак з надпісам: «Тут пахаваныя 1549 габрэяў забітых фашыстамі ў 1942 годзе падчас ліквідацыі берасцейскага гета».

Помнік ахвярам нацызму на месцы перазахавання

– У Берасці выконваліся ўсе нашы рэлігійныя законы і звычаі. Калі мы прыступілі да гэтай працы, мы былі вельмі рады пачуць, што ніякіх перашкодаў не будзе. Было абсалютнае пагадненне, калі мы сказалі, што трэба зрабіць, каб гэта было сапраўднае габрэйскае пахаванне, – сказаў падчас падыходу да прэсы амбасадар Ізраіля ў Беларусі Алан Шохам.

На перазахаванне прыехалі і замежнікі

– У нашым рэгіёне шматлікія краіны [думаюць. – belsat.eu], як правільна трэба ўвекавечыць Галакост і ўзнікаюць розныя канфлікты. Тут, на наша шчасце, іх няма, на гэтай зямлі ўсе разумеюць, хто былі ахвяры, а хто – зладзеі. І ў гэтым дачыненні Беларусь можа быць прыкладам для краін рэгіёну, – працягнуў амбасадар.

Крайні злева – амбасадар Ізраіля ў Беларусі Алан Шохам

Нагадаем, габрэйскае гета знаходзілася на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Савецкая, Дзяржынскага, Куйбышава і праспектам Машэрава. Берасцейскія ўлады пастанавілі зруйнаваць і мадэрнізаваць гэты квартал яшчэ ў 2012-м годзе, нягледзячы на гістарычнае мінулае гэтага месца.

Кіраўнік іўдзейскай абшчыны «Эмуна» Барыс Брук выступае на развітальнай цырымоніі

У студзені 2019 году падчас будоўлі элітнага кварталу будаўнікі знайшлі косткі людзей, але гэтую інфармацыю ўлады схавалі на некалькі дзён – імаверна, каб яна не прагучала ў Сусветны дзень памяці ахвяраў Галакосту.

Рабін Берасцейскай абшчыны Хаім Рабіновіч чытае малітву
Берасцейка, народныя артыстка Расеі Алена Варабей, прыехала на перазахаванне ахвяр берасцейскага гета

Калі інфармацыя пра растральную яму распаўсюдзілася, улады былі вымушаны спыніць будаўніцтва элітнага жылога кварталу. Пакуль канчаткова не агучана, што будзе на месцы, дзе знойдзены косткі людзей і ці працягнецца тут будоўля дамоў.

Валанцёр арганізацыі ZAKA сярод трунаў

АС belsat.eu

Стужка навінаў