На Пастаўшчыне загарэлася хата з дзецьмі, калі маці піла з суседзямі. СК пачаў справу


Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да жыхаркі вёскі Палессе (Пастаўскі раён), якая пакінула ў небяспецы малалетніх дзяцей.

Паводле следства, 1 ліпеня каля 13:30 жанчына, якая знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе за дзяцёнкам, пакінула шасцярых малалетніх дзяцей адных дома і пайшла да суседкі распіваць спіртныя напоі. Праз паўгадзіны хата загарэлася. Бацька ў момант пажару быў на працы. Пра тое, што адбылося ўзгаранне, МНС паведамілі суседзі.

У выніку пажару загінула 7-гадовая дзяўчынка. Старэйшую сястру (8 гадоў) і малодшых дзяцей (дзяўчынкі ва ўзросце года і двух гадоў, і хлопчыкі – трох і пяці гадоў) выратавалі, яны не пацярпелі, паведамляе афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.

На дадзены момант дзеці знаходзяцца ў прытулку. Са старэйшым дзяцёнкам працуюць псіхолагі. Бацькі знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў псіхіятрычнай больніцы.

Супраць 40-гадовай жанчыны распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 159 Крымінальнага кодэксу (свядомае пакіданне без дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця і здароўя стане, якая пазбаўленая магчымасці прыняць меры да самазахавання па маленстве, у выпадку, калі вінаваты меў магчымасць аказаць пацярпеламу дапамогу і быў абавязаны пра яго клапаціцца). Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 2 гадоў абмежавання волі са штрафам.

Устаноўлена, што сям’я знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. У сувязі са злоўжываннем спіртнымі напоямі бацькамі малалетніх дзяцей раней неаднаразова забіралі з сямʼі. У момант пажару падазраваная была пʼяная – у яе крыві было 2,0 праміле алкаголю. Папярэдне прычынай трагедыі называюць неасцярожнае абыходжанне з агнём дзецьмі і неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні маці.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары