«На мяне хацелі павесіць усе акцыі ў раёне»: адна з аўтарак беларускага Пачакуна з’ехала за мяжу


Аксана Ліхадзіеўская. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Аксана Ліхадзіеўская – гамяльчанка, маці дваіх дзяцей, якая не змагла застацца ўбаку ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Жанчына наведвала пратэставыя маршы ды жаночыя акцыі салідарнасці. Цяпер Аксана засталася без працы, пабывала ў ІЧУ і вымушаная з’ехаць з краіны.

Пачакун

Разам з сяброўкай Наталляй Глазковай яны прыдумалі ды стварылі беларускага Пачакуна – сімвал чакання скону беларускай дыктатуры. Ляльку з плакатамі паспелі заўважыць і ўпадабаць шмат якія гамельчукі. Не спадабалася яна толькі праваахоўным органам, якія пачалі ціск на жанчын.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Аказалася, што за намі сачылі, – распавядае Аксана. – Затрымалі разам з гэтай лялькай і павезлі ў РАУС. Я прасіла, каб нас не «закрывалі», абяцала выдаліць фатаграфіі, але ўсё адно, нягледзячы на наяўнасць дзяцей, мяне і сяброўку пасадзілі ў ІЧУ да суда. А да гэтага ў міліцыі мне адразу сказалі: «Ды не перажывай, заўтра будзе суд – у цябе будзе 25 базавых, а ў Наталлі – 30». Напэўна, нічога дзіўнага, што так і было».

Аксану і Наталлю адпусцілі са штрафамі на наступны дзень, канфіскаваўшы Пачакуна, фотаапарат і мабільныя тэлефоны. Для Аксаны гэта было не першае затрыманне: жанчыну ўжо змяшчалі ў ізалятар часовага ўтрымання і штрафавалі за «кармленне галубоў у адзенні палітычных колераў».

«Першы раз мяне затрымалі за кармленне галубоў у скверы, – згадвае Аксана Ліхадзіеўская. – За тое, што на нас былі чырвоныя курткі ды белыя красоўкі. Міліцыянты вывернулі нашыя торбы ў пошуках бел-чырвона-белай сімволікі – але ў нас не было нічога. Потым завезлі ў РАУС, дзе пратрымалі чатыры гадзіны. Але яно таго вартае, бо калі нас адпусцілі, я ўбачыла, што каля РАУСу сабралася шмат людзей, валанцёраў, якія хацелі нас падтрымаць. Гэта было неверагодна!»

Забралі ў РАУС разам з хворым дзіцем

Аксана кажа, што з таго часу міліцыянты заўважылі яе і пачалі пільна назіраць за жанчынай і ейнаю сям’ёй.

«У нашым раённым чаціку абмяркоўвалася сустрэча каля стэлы «Гомель». Людзі прапаноўвалі прыйсці ды пафатаграфавацца з нацыянальнымі сцягамі. Але на гэтую сустрэчу я не трапіла, бо была на працы, дарогаю з якой вырашыла прайсці міма той самай стэлы. Сустрэла суседку, якая папрасіла сфатаграфаваць яе на фоне стэлы. Я з вялікім задавальненнем гэта зрабіла – і рабіла б яшчэ тысячу разоў, бо не бачу тут складу злачынства. Праз пару дзён па мяне прыехалі».

Міліцыянты прыйшлі да Аксаны дадому ў той момант, калі яна была на бальнічным з малодшым дзіцем. Аксана кажа, што разам з хворым дзіцёнкам яе і забралі ў РАУС.

Дзеці Аксаны Ліхадзіеўскай. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Апека не хацела ехаць у гэты РАУС, бо я чула, як па той бок тэлефона крычала жанчына: «Яна на бальнічным. Вы там здурнелі?! Вырашайце самі свае праблемы», – прыгадвае падзеі таго дня Аксана. – У выніку дзіця звезлі, а мяне пасадзілі на трое содняў да нядзелі. Страшна было толькі першыя содні, а потым прыйшло асэнсаванне, за што я сяджу і якая я малайчына. У двары я спявала палітычныя песні, і ўвесь ІЧУ крычаў мне: «Жыве Беларусь!» Таму я сабой ганаруся, і мне не сорамна, што я там адседзела. Я зразумела, што ў іх асноўная мэта – нас зламіць. Але мяне яны гэтым зрабілі толькі мацнейшай, бо калі я выйшла – крычала «Жыве Беларусь!» Муж кажа: сядай хутчэй у машыну, а то яшчэ раз забяруць. Але мне было ўжо не страшна».

«Узяла паперу і асадку, са згоды бакоў цябе задаволіць?»

Пасля трох содняў у ІЧУ Аксана вярнулася на працу і, ведаючы, што наперадзе ў яе суд, папрасілася ў адпачынак, каб не падстаўляць калегаў.

«Я год не была ў адпачынку, – распавядае Аксана. – Але ў гэтай просьбе мне было адмоўлена. Больш за тое, мяне звольнілі, прычым вельмі непрыгожа. Прыехаў дырэктар і павышаным тонам казаў: «Узяла паперу і асадку, са згоды бакоў цябе задаволіць?» Я наогул не зразумела, што адбылося, і нават засмуціцца не паспела».

Але на гэтым, са словаў Аксаны, ціск толькі пачаў набіраць абароты: жанчыне сталі пагражаць крымінальнай справай, дзяцей у школах паставілі на асаблівы кантроль, а на доме, дзе жыве сям’я, нехта развесіў паклёпніцкія ўлёткі.

«Калі знаёмыя ўбачылі маё фота на ўлётцы і ў адным з паклёпніцкіх тэлеграм-каналаў – то пачалі тэлефанаваць і пісаць словы падтрымання. Мне здаецца, што напісала палова Гомля, бо там выклалі нумар тэлефона. І я не пачула ніводнага кепскага слова».

«Я паехала афармляць дакументы на выезд да натарыуса, і мяне затрымалі наўпрост у натарыяльнай канторы»

Страціўшы працу і адчуваючы небяспеку, Аксана вырашыла з’ехаць з краіны. Жанчына пачала афармляць паперы для выезду, і чарговы раз яе затрымалі наўпрост на прыёме ў натарыуса.

«Я паехала афармляць дакументы на выезд да натарыуса, і мяне затрымалі проста ў натарыяльнай канторы, – распавядае Аксана. – Мы паехалі ў РАУС, дзе ўрэшце са мной пяць гадзінаў размаўляў супрацоўнік КДБ. У мяне папрасілі тэлефон і знайшлі там некалькі фотаздымкаў з бчб-сімволікай, зробленыя за горадам. Пачаліся пытанні: «Навошта вы гэта выкладваеце», бо адзін з гэтых здымкаў быў выкладзены ў тэлеграм-суполцы. На мяне відавочна хацелі павесіць усе акцыі, якія адбываліся ў раёне. А калі гэта не я – то я павінна расказаць, хто гэта. У выніку, калі я сказала, што нічога не ведаю, – яны адказалі, што тэхніку, канфіскаваную напярэдадні падчас ператрусу, будуць глядзець вельмі доўга. Варта адзначыць, што забралі нават дзіцячыя планшэты, і ніякіх папераў пра выманне мне не выдалі».

Фота прадстаўлена рэдакцыі

На момант публікацыі артыкулу Аксана Ліхадзіеўская ўжо выехала за мяжу, і цяпер яна ў бяспецы. Жанчына спадзяецца, што ў хуткім часе зможа вярнуцца на радзіму.

«Адчуванні, калі шчыра, не вельмі. Але я дакладна ведаю, што праз некаторы час я вярнуся – і наўрад ці буду сядзець на месцы. А гэты перыяд трэба проста перажыць, бо для таго, каб некуды прыйсці, – трэба ісці».

МД belsat.eu

Стужка навінаў