На гарадзенскага музыку Алеся Дзянісава склалі пратакол за рэпост


Алесь Дзянісаў

Гарадзенская міліцыя распачала адміністрацыйную справу супраць вядомага музыкі і журналіста Алеся Дзянісава.

Днямі ён атрымаў копію пратакола, з якога вынікае, што музыка парушыў ч. 2 арт. 17.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (выраб або распаўсюд, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства) Беларусі.

Нагодай для адміністрацыйнай справы стала тое, што Дзянісаў зрабіў рэпост са старонкі анархістаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», паведамляе «Гарадзенская Вясна». Цяпер старонка, адкуль зрабіў рэпост Алесь Дзянісаў, заблакаваная, і праверыць факт рэпосту немагчыма. Ніякіх позваў у суд Алесь Дзянісаў пакуль не атрымліваў.

У каментары Belsat.eu Алесь Дзянісаў патлумачыў, што не ведае, пра якую канкрэтна публікацыю вядзецца гаворка. Музыка перагледзеў усе свае допісы і рэпосты за 2018 год – і нічога, што магло б падыходзіць пад апісанне ў міліцэйскім пратаколе, не знайшоў. Таму магчыма, пратакол складзены за рэпост, зроблены ў мінулыя гады.

Раней невядомы патэлефанаваў на хатні нумар Алеся Дзянісава, прадставіўся міліцыянтам і паведаміў пра крымінальную справу, якую нібыта распачалі за рэпост.

«Расцэньваю такія паводзіны супрацоўніка праваахоўных органаў як спосаб аказаць на мяне, маю сям’ю псіхалагічны ціск, пазбавіць мяне і маіх блізкіх людзей спакою з мэтай перашкодзіць маёй культурнай дзейнасці ў якасці музыканта групы «DZIECIUKI», – пракаментаваў тады Алесь Дзянісаў.

ВІДЭА
На Алеся Дзянісава з «Дзецюкоў» маглі завесці крымінальную справу за рэпост
2018.10.02 11:45

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў