На мітынг-канцэрт да 100-годдзя БНР АМАП будзе прапускаць толькі пасля асабістага дагляду


ГУУС Менгарвыканкама апублікавала паведамленне наконт умоваў правядзення святочнага мітынгу-канцэрта каля Опернага тэатру да 100-годдзя абвяшчэння БНР.

«На названай тэрыторыі супрацоўнікамі органаў унутраных справаў будзе праводзіцца асабісты дагляд грамадзянаў і дагляд іх рэчаў, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў. У выпадку адмовы грамадзянiна ад асабістага дагляду альбо ад надгляду змешчаных пры ім рэчаў ён не дапускаецца ў месца правядзення масавага мерапрыемства», – адзначаюць у міліцыі.

Тым, хто захоча трапіць у тэатр (у гэты дзень запланаваны спектакль «Лебядзінае возера»), рэкамендуецца праходзіць праз вуліцу Алаізы Пашкевіч, але для гэтага неабходна мець пры сабе квіткі.

Нагадаем, Менгарвыканкам дазволіў святочны канцэрт і мітынг каля Опернага тэатру на Дзень Волі. Пачатак – а 14-й гадзіне.

Паралельна 25 сакавіка Мікола Статкевіч плануе правесці несанкцыянаваны «Марш годнасці і волі». Мітынг мае пачацца а 12-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа. Адтуль удзельнікі збіраюцца рушыць па праспекце Незалежнасці да вуліцаў Кісялёва, Багдановіча і завершыць шэсце на плошчы Парыжскай камуны а 14-й.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў