На менскім рок-фестывалі «Наш дзень» можна будзе паставіць намёт


Пляцоўка знаходзіцца ў 4-х кіламетрах ад менскай кальцавой

Арганізатары новага рок-фестывалю пад адкрытым небам «Наш дзень» абвесцілі музычную праграму мерапрыемства.

Асаблівасць фэсту – выключна беларускі лайнап. На сцэну выйдуць Akute, :B:N, Зміцер Вайцюшкевіч, Dzieciuki, «Дай дарогу!», Пётр Клюеў, «Крама», «Мутнаевока», Neuro Dubel, Nizkiz, The Superbullz і Volski.

Канцэрты адбудуцца 30 чэрвеня ў сапраўдным скансэне – Музеі архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо. Сцэна будзе стаяць сярод палёў, побач са старадаўнімі пабудовамі з усіх куткоў Беларусі.

На фестывалі будуць працаваць як звычайныя пляцоўкі з ежай і пітвом, гэтак і традыцыйная карчма, дзе можна будзе выпіць піва, традыцыйных настоек, пакаштаваць стравы беларускай кухні.

Да музею можна будзе дабрацца звычайным грамадскім транспартам ад метро метро Малінаўка і Пятроўшчына або адмысловымі дадатковымі аўтобусамі, якія будуць хадзіць у дзень фестывалю.

Пачатак імпрэзы – а 12-й.

Арганізатары кажуць, што хоць фэст і аднадзённы – можна будзе застацца спаць у намётах.

ДД

Стужка навінаў