«Я хачу жыць». Як на медсястру з Баранавічаў цісне кіраўніцтва з-за расповеды аб праблемах падчас пандэміі


Жанчына ўжо атрымала адну вымову, а зараз адміністрацыя шукае любы повад, каб прыдрацца да яе.

«У Баранавічах каронавірусу няма»

Медсястра агульнай практыкі ў Баранавіцкай паліклініцы №3 Наталля Каролік у медыцыне ўжо 27 год. У 3-ай паліклініцы яна працуе 4 гады. У размове з карэспандэнткай «Белсату» жанчына прыгадвае, што ў сакавіку, калі пачалася пандэмія, умовы працы сталі значна горшымі: усіх медсясцёр абавязалі працаваць у інфекцыйным кабінеце.

Наталля Каролік, медсястра баранавіцкай паліклінікі №3, фота: асабісты архіў гераіні

Наталля кажа, што спрабавала бунтаваць супраць такога вырашэння кіраўніцтва: жанчына толькі вярнулася з бальнічнага і мае цукровы дыябет.

«У адказ мяне пачалі палохаць. Маўляў, не выконваю свае прафесійныя абавязкі, што мяне звольняць згодна з артыкулам. Кіраўнік нават заявіў, што аніякага каронавірусу ў Баранавічах няма. Маўляў, ва ўсіх проста ВРВЗ», – абураецца жанчына.

Яна прыгадвае, што не адмаўлялася ад працы – толькі прасіла любую іншую. У выніку літаральна праз тры дні працы ў інфекцыйным кабінеце Наталля сама «злягла». Прычым у яе былі сімптомы каронавірусу.

Абарону ад інфекцыі купляюць за ўласныя грошы

Калі яна вярнулася з бальнічнага 18 красавіка, то ў медперсаналу не было аніякай абароны ад інфекцыі. Нават маску прышлося купляць за свае грошы. Калі калега Наталлі памерла ад каронавірусу, жанчына стала адкрыта патрабаваць ад кіраўніцтва дапамогі.

Наталля Каролік на працы, фота: асабісты архіў гераіні

Аднак на падтрыманне адміністрацыі паліклінікі разлічваць не прыходзілася. Напрыклад, апошнія два камбінезоны Наталля атрымала ад валанцёраў.

«Аднаразовыя капелюшы, нарукаўнікі, маскі я купляю за свае грошы. А што рабіць? Жыць хочацца! Не хачу яшчэ заразу дадому прынесці», – эмацыйна распавядае медсястра.

Зараз з-за спякоты пад канец змены шмат хто з медычных працаўнікоў нават губляе прытомнасць.

Hавiны
Фельчара з Ліды асудзілі за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім
2020.05.08 14:28

У пятніцу 29 траўня медсястры абвясцілі вымову з-за двух скаргаў калегаў. На ейную думку повады для скаргаў надуманыя. У пятніцу 5 чэрвеня жанчыне паказалі відэазапіс, дзе яна крыху раней сыходзіць з працы. У той жа час пастаянныя перапрацоўкі кіраўніцтва нібыта не заўважае.

«Праўду казаць нельга. Яны проста хочуць, каб усе маўчалі, і гэтымі вымовамі мне гэта паказваюць», – кажа Наталля Каролік.

Аб’ектыў
COVID-19 у Нясвіжы
2020.06.11 22:30

Чакае на публічную порку

Баранавічы – невялікі горад, і там цяжка будзе знайсці новую працу. Аднак пакуль што ў паліклініцы прэсінгу ад калегаў яна не адчувае – тыя хутчэй маўчаць. Але начальства часта пераходзіць на крык.

«Мне кажуць, што я – ганьба калектыву. Хочуць праз мае выказванні ў СМІ хадайнічаць перад начальствам аб пакаранні. Чакаю публічную порку».

Аднак Наталля мяркуе, што далей за «публічную порку» справа не пойдзе. Працоўны кантракт дзейнічае да канца наступнага году, а там ёй застанецца 3 гады да ільготнай пенсіі. У гэты час яе звольніць не здолеюць згодна з законам.

Наталля Каролік, медсястра баранавіцкай паліклінікі №3, фота: асабісты архіў гераіні

«Гэта мая грамадзянская пазіцыя»

Чаму яна так актыўна выказвалася ў прэсе? Наталля тлумачыць гэта сваім жаданнем жыць.

«Я бачу, колькі хварэе і сыходзіць маіх калегаў. Я люблю нашых жыхароў. А я сама ледзь не галоўны распаўсюднік гэтай заразы. Яна на маіх рэчах, а я езджу ў аўтобусах, бываю ў крамах, у банках. Гэта мая грамадзянская пазіцыя», – распавядае яна.

Зараз Наталля разам з незалежным прафзвязам РЭП рыхтуе дакументы для суду: будуць абскарджваць вымову.

Кіраўніцтва паліклінікі №3 у каментары да баранавіцкага выдання Intex-Press адзначыла, што свае вымовы Наталля атрымала «па справе».

  • Наталля Каролік – не першая медпрацаўніца, якая сутыкалася з ціскам за шчырыя аповеды аб умовах працы падчас пандэміі. Раней праз выказванні не працягнулі кантракт фельчару з Ліды Паўлу Палейчыку.
  • Менавіта ў паліклініцы, дзе працуе Наталля, на COVID-19 захварэлі амаль усе дактары тэрапетыўчнага аддзялення.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў