«На Марафон вазьму наш сцяг». Белсатавец рыхтуецца прабегчы 42 км у Афінах і вядзе блог


Адзін з рэдактараў belsat.eu нечакана для ўсіх пачаў займацца бегам і збіраецца скарыць аўтэнтычную дыстанцыю з Марафону да Афінаў, якой больш за 2,5 тысячы гадоў. Пра тое, «як узяць сябе ў рукі і пачаць бегаць» ён піша ў блогу 42km.belsat.eu.

«Ідэя прабегчы 10 км мне падавалася варʼяцтвам»

Беларускі сцяг і медаль удзельніка Варшаўскага паўмарафону

Рэдактар belsat.eu Зміцер Ягораў распавядае, што займацца бегам распачынаў з малых дыстанцыяў.

«Мая першая свядомая прабежка, не пад прымусам фізрука, была працягласцю каля трох кіламетраў. Я тады пачаў рыхтавацца да гарадскога забегу ў 10 кіламетраў і мне гэтая дыстанцыя падавалася проста неверагоднай і нават нейкім варʼяцтвам. Пасля дзясяткі быў паўмарафон, далей – болей, далей і хутчэй», – гаворыць журналіст.

Аматарскі бег набірае папулярнасць у Беларусі ды ва ўсёй Усходняй Еўропе. Адначасова з гэтым шмат у каго дагэтуль гэты спорт асацыюецца з выматваючымі нарматывамі ў школах і ўніверсітэтах.

«Большасць з нас не вучылі правільна бегаць, раскладаць сілы на дыстанцыі. У выніку бег часцяком успрымаюць як самакатаванне, напрыклад, калі трэба скінуць лішнюю вагу. Я бегаю дзеля фану і спадзяюся, што мае нататкі ў блогу 42km.belsat.eu дапамогуць іншым навічкам, такім як я, знайсці матывацыю і бегаць гэтак, каб была карысць для здароўя і падымаўся настрой», – дадае Зміцер.

42km.belsat.eu – блог «ад навічка навічку»

«Я не лічу сябе майстрам, трэнерам ці профі, які б раздаваў парады направа і налева. Таму ў сваім блогу я пішу абапіраючыся выключна на свой досвед і адчуванні, пішу пра сябе. Мяне дастаткова часта пытаюць калегі і сябры, як пачаць бегаць: як выбраць абутак, як размінацца, колькі бегаць, што рабіць, калі пачынае калоць у баку, дзе і як знайсці матывацыю. «Дурных» пытанняў не бывае», – белсатавец распавядае, навошта ён распачаў весці блог.

На сайце ёсць два асноўных раздзела – «Практыкум» і «Матывацыя». Але таксама можна задаць пытанне аўтару ці падтрымаць яго.

«На Марафон у Афінах я вазьму наш сцяг і вельмі спадзяюся, што гэта дапаможа мне псіхалагічна, каб не здацца на такой доўгай трасе. 42 кіламетры – гэта варʼяцтва, напэўна, калі ты не спартовец. Але мне і 10 кіламетраў калісьці падавалася нерэальнай мэтаю», – кажа Зміцер.

Марафон у Афінах, да якога рыхтуецца наш калега, адбудзецца 12 лістапада.

КС, belsat.eu

Стужка навінаў