На маладую сям'ю з Барысава ціснуць за грамадзянскую пазіцыю: «Што вам дома не сядзіцца?»


Маладая пара ніколі не мела праблемаў з праваахоўнымі органамі. Але гэтым летам усё змянілася…

Іван і Святлана Самсонавы – маладая сямʼя з Барысава. Жывуць на ўскрайку гораду, выхоўваюць двух няпоўнагадовых дзяцей, працуюць. Яны ніколі не мелі праблемаў з праваахоўнымі органамі. Аднак гэтым летам іх жыццё кардынальным чынам змянілася – за ўдзел у мірных пікетах, ланцугах салідарнасці яны пачалі зазнаваць ціск з боку ўладаў: іх некалькі разоў затрымлівалі, пагражалі пакараць штрафамі ці соднямі. Цяпер жа – патрабуюць вызваліць пакоі інтэрнату. Маладыя людзі баяцца, што наступнымі пад удар патрапяць іхныя дзеці.

Барысаў. Фота даслалі Іван і Святлана Самсонавы

Упершыню на мірную акцыю Іван і Святлана выйшлі яшчэ 19 чэрвеня. Акцыя была не шматлюднай – усяго на пяць чалавек. У гэты дзень міліцыя нікога не чапала, як падкрэслівае жанчына, відавочна, яны не разумелі, што адбываецца, бо для гораду гэта было штосьці новае.

На наступны дзень на гарадскую плошчу выйшла ўжо больш удзельнікаў. І працаўнікі міліцыі пачалі перакрываць падыходы да яе, падагналі аўтазакі. Людзі вырашылі прайсціся ў бок парку, але ў гэты момант ім перакрылі дарогу сілавікі і пачалі затрымліваць. Іван і Святлана таксама патрапілі ў аўтазак, нягледзячы на спробы патлумачыць міліцыянтам, што яны нічога не парушалі, не выкрыквалі і паводзілі сябе мірна.

«Нам патлумачылі, што з намі правядуць размову і адпусцяць дадому. Гадзіны тры нас вазілі па горадзе», – узгадвае Іван Самсонаў.

Барысаў. Фота даслалі Іван і Святлана Самсонавы

У мясцовым аддзяленні міліцыі іх нават не заводзілі ў будынак – размову правялі наўпрост на ганку перад уваходам.

«Як я зразумела, з намі ў той момант проста знаёміліся: перапісалі дадзеныя, запыталі дзе і кім працуем, дзе жывем, ці ёсць дзеці. Нам пашанцавала – адпусцілі, даўшы падпісаць паперу, у якой мы патлумачылі, чаму былі на плошчы і што больш туды не выйдзем», – распавядае Святлана.

У наступны раз маладзёны сустрэліся з сябрамі 3 ліпеня, на афіцыйным свяце незалежнасці. Увагу да сябе яны прыцягнулі майкамі з надпісам «ЗИЮЛЯ». Хлопцаў тут жа завозяць у аддзяленне міліцыі. А Іван і Святлана едуць пад РАУС у якасці групы падтрымкі.

«Яны нам распавялі, што супрацоўнік міліцыі, які мусіў аформіць пратакол затрымання, адмовіўся пісаць, што ўсяму прычынай менавіта майкі, папросту адмовіўся пад гэтым падпісвацца. У выніку ім упісалі, маўляў, яны маюць дачыненне да графіці, якое зʼявілася на адным з платоў, дзе намаляваны аўтазак з надпісам «Саня, катайся сам». Правялі дагляд рэчаў, заплечнікаў і, нічога не знайшоўшы, адпусцілі», – кажа Святлана.

Барысаў. Фота даслалі Іван і Святлана Самсонавы

14 ліпеня, у дзень, калі ЦВК не зарэгістраваў ні Віктара Бабарыку, ні Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзідэнты, у Барысаве, як і іншых гарадах краіны, людзі выйшлі на плошчу. Самсонавы ўзгадваюць: усё было вельмі спакойна і мірна – пасядзелі на лавачках і разышліся. На наступны дзень міліцыя затрымала ўсіх, хто апынуўся ў цэнтры.

«Калі мы прыйшлі на плошчу, на ёй было можа пяць хлопцаў, якія сядзелі і кармілі галубоў. Мы ўзялі кавы і таксама прыселі на лавачку. Працягвалася гэта ўсё не доўга, праз хвілінаў 10 да іх і да нас падышлі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, каб мы прайшлі з імі», – распавядае Іван.

Самсонавы зноў апынуліся ў аддзяленні міліцыі. Праўда Івана ў будынак не пусцілі, бо ў яго была тэмпература, разбіральніцтва праводзілася ў дворыку РАУСа на капоце аўтамабіля. Паводле мужчыны, супрацоўнік, які займаўся яго афармленнем, дрэнна разумеў прычыны затрымання Івана, а адказы, кшталту, «я свабодны чалавек, чаму не магу прыйсці на плошчу ў добры летні дзень» – ставілі яго ў тупік.

«У пратаколе была фармуліроўка, што я ўяўляю пагрозу для грамадства. Я сказаў, што нічога падпісваць не буду ці хай прадʼяўляюць доказы, што гэта адпавядае рэчаіснасці. Той [супрацоўнік міліцыі. – Belsat.eu] пабег некаму тэлефанаваць. Размаўляў доўга, хвілінаў дзесяць. Затым вяртаецца, выкрэслівае з пратакола выраз, які мяне абурыў, і пытае: «А цяпер будзеш падпісваць?» Я падпісаў», – узгадвае мужчына.

У гэты ж час Святлану апытваў іншы супрацоўнік міліцыі, у віну ёй ставіўся ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Я запытала: «Дзе яно было?» Бо, наколькі ведаю, у горадзе нічога не адбывалася, а мы проста сядзелі на плошчы. На што мне сказалі: «Вы маглі пасядзець учора, вам далі час, вы павінны былі выпусціць пар». Затым папярэдзілі, што ў наступны раз мне будзе штраф ці содні – на мой выбар», – прыгадвае Святлана.

Барысаў. Фота даслалі Іван і Святлана Самсонавы

У дзень сустрэчы Святланы Ціханоўскай з мясцовымі выбарнікамі Іван мусіў дапамагаць яе штабу на мітынгу: паднесці сталы і апаратуру, падтрымаць у забеспячэнні бяспекі кандыдаткі ў прэзідэнты. Аднак падчас абеду да яго на працу прыехалі з праверкай, бадай, усе магчымыя службы: санстанцыя, пажарныя, міліцыя, дэпартамент фінансавых расследаванняў. Прычына – скарга на яго і дырэктара ў выканкам пра запушчаны стан прадпрыемства і фінансавыя махінацыі. Па выніку іх да позняга вечара пратрымалі ў міліцыі. Жонцы адмаўляліся паведамляць пра яго месцазнаходжанне.

«Паводле маіх калегаў, капітан, што быў у масцы, ім сказаў: каб гэта было пасля выбараў, то ён забраў бы мяне ў РАУС і паадбіваў калені», – кажа Іван.

Пасля гэтага мужчына вырашыў добраахвотна звольніцца з працы.

Не быў дапушчаны Іван і да назірання за выбарамі, хаця меў акрэдытацыю ад старшыні камісіі. Яму адмовіліся паказаць графік прысутнасці назіральнікаў на ўчастку, абяцаўшы паведаміць пра вольны час. Але з Іванам так ніхто і не звязаўся.

Барысаў. Фота даслалі Іван і Святлана Самсонавы

У дзень выбараў, 9 жніўня, Івана затрымалі працаўнікі ДАІ. Падстава – адсутнічае тэхагляд і на шкле аўтамабіля ёсць недазволеная налепка. Віну Іван прызнаў і прапанаваў на месцы скласці пратакол. Аднак інспектары загадалі адкрыць капот для праверкі VIN-нумару аўтамабіля.

«Я прапанаваў ім паглядзець VIN-нумар пад лабавым шклом, бо ён дублюецца. Мне сказалі, што там дрэнна бачна. Як толькі я адкрыў капот, інспектары заявілі, што на нумары праглядаюцца зорачкі і неабходна экспертыза», – тлумачыць Іван.

Праверка заняла амаль дзень. Разам з экспертызай правялі і дагляд, і вобшук аўтамабіля, а ў самога Івана знялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі і апісалі татуіроўкі на целе.

«Бліжэй да апоўначы прыйшлі вынікі экспертызы. Я падпісаў дакументы, копіі якіх мне абяцалі выслаць у бліжэйшыя 14 дзён, але да гэтага часу нічога не атрымаў. Таксама падпісваў дакументы, што ўся экспертыза па зверцы нумароў каштавала каля 400 рублёў і іх атрымаў эксперт. Усе грошы з бюджэту. У мяне пытанне: чаму на гэта ідуць нашыя падаткі? Са мною працавала 16 чалавек! Кожнаму ж трэба заплаціць заробак», – здзіўляецца Іван.

На мінулым тыдні маладзёны атрымалі лісты ад Барысаўскага гарадскога ўнітарнага прадпрыемства «Жыллё», якому належыць інтэрнат, дзе пражывае сямʼя, з патрабаваннем добраахвотна вызваліць пакоі. Іншае жытло маладзёнам не прадстаўляюць. А калі адмовяцца – пойдуць у суд.

«Не ў інтэрнаце справа, справа ў прапісцы. Нам сказалі, што нас выганяюць і не даюць месца жылля. Калі нам не даюць месца для жылля, адпаведна, мы становімся бамжамі. Калі мы становімся бамжамі, у нас забіраюць дзяцей, – кажа Святлана. – Забраць іх будзе проста, а вось вярнуць вельмі і вельмі складана, я больш, чым упэўненая».

Іван і Святлана ўпэўненыя, што ў дачыненні да іх цяпер выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя рычагі ціску праз іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Але яны не думаюць здавацца, а намераныя звяртацца да адвакатаў і адстойваць свае правы.

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў