На Магілёўшчыне з'явіцца сонечная электрастанцыя


У Магілёўскай вобласці Брытанская кампанія United Green інвестуе 170 мільёнаў долараў на стварэнне сонечнай электрастанцыі. Магутнасць фотаэлектрычнай станцыі (ФЭС) складзе 109 МВт. Будаўнічыя і мантажныя працы правядзе кампанія «Белзамежбуд».

Замоўнікам праекту ў нашай краіне выступіла створаная United Green кампанія «Солар Лэнд», паведамляе Інтэрфакс. Фінансаванне праекту будзе весціся за кошт уласных сродкаў United Green і крэдытных рэсурсаў замежных фінансавых інстытутаў.

Станцыя стане найбуйнейшым у Беларусі абʼекта аднаўляльнай энергетыкі. Усталявальная магутнасць станцыі – 109 МВт, планаваная гадавая выпрацоўка – 130 млн кВт / г. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, выпрацаваная абʼектамі альтэрнатыўнай энергетыкі электраэнергія павінна набывацца дзяржаўным абʼяднаннем «Белэнерга» і паступаць у энергасістэму краіны.

ФЭС размесціцца на адлегласці каля 300 км на ўсход ад Менску, паміж райцэнтрамі Чэрыкаў і Крычаў, у раёне населенага пункта Бліжняя Рэчыца. Плошча сонечнага парку складае 220 гектараў. Плануецца, што станцыя будзе ўведзена ў красавіку-траўні наступнага году.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў