«На людзей нападаюць за тое, што яны расейцы»: «нацыяналістычныя настроі» беларусаў зноў абсмакталі на расейскім ТБ


У праграме «Сегодня» на НТВ чарговы раз аналізавалі беларуска-расейскія дачыненні.

Вядоўцы распавялі, што Партыя БНФ абвінаваціла расейскія каналы ў распальванні міжнацыянальнай варожасці ды інфармацыйнай вайне, заклікаўшы ўлады абмежаваць іх трансляцыю.

У праграме паказваюць фрагменты відэа, на якім беларускамоўны хлопец штурхаецца з мужчынам у шапцы казака і выганяе яго з вагона са словамі: «Чамадан, вакзал, Расея».

«Хто б у страшным сне мог прадказаць, што ў сталіцы Беларусі, у Менску, будуць нападаць на людзей толькі таму, што яны расейцы», – пытаецца вядоўца.

Паводле журналістаў НТВ, на Захадзе ніколі не ўтойвалі, што «мець гэтак моцнага канкурэнта, як саюз Расеі, Беларусі ды Украіны – нявыгадна».

«Лягчэй разыграць нацыяналістычную карту, а пасля разабрацца з кожным паасобку».

Аўтар сюжэту сцвярджае, што паводле гісторыкаў, да пачатку мінулага стагоддзя такіх дзяржаваў, як Украіна і Беларусь, не існавала, бо гэта былі часткі Расейскай імперыі.

«Савецкая ўлада змяніла расклад, намаляваўшы новыя межы і зрабіўшы дзве створаныя рэспублікі прывілеяванай часткай Cаюзу. І гэта сапраўды быў саюз брацкіх народаў… Ці будуць мець Украіна або нават Беларусь, адколатыя ад саюзу славянскіх народаў, хоць нейкія перспектывы? Бо гісторыя нашых народаў кажа пра тое, што лепш трымацца разам».

Днямі расейскі прапагандыст Дзмітрый Кісялёў выказаў меркаванне, што ў тым выпадку, калі Беларусь адвернецца ад Расеі, нашая краіна перастане існаваць.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў