На Кубку Беларусі зафіксавалі тры станоўчых допінг-пробы ў штангістаў да 20 гадоў


Красавіцкі Кубак Беларусі па цяжкай атлетыцы, які адбываўся ў спарткомплексе «Стайкі», прынёс тры станоўчых допінг-пробы.

Пра гэта паведаміў карэспандэнт «Прэсболу» Грыгорый Трафіменкаў.

Інфармацыю пра тры станоўчых допінг-пробы пацвердзіў і старэйшы трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Віктар Шаршукоў.

«Сапраўды, ёсць тры станоўчых допінг-пробы, аднак важна разумець, што гэты працэс кантралюецца і што інфармацыя нікуды не пойдзе. Сумесна з Мінспорту і НАДА мы паставілі перад сабой задачу навесці парадак у падрыхтоўцы рэзерву – такі, які ўжо існуе ў нацыянальнай камандзе, дзе для любых правяраючых органаў і афіцэраў адкрытыя дзверы», – адзначыў Віктар Шаршукоў.

Паводле выдання, гаворка вядзецца пра Аляксандру Міранкову (1999 года нараджэння), Аліну Шчапанаву (2000) і Арцёма Данільчыка (2000). Усе яны – выхаванцы Магілёўскага вучылішча алімпійскага рэзерву (МДВАР), як вынікае са спісачнага складу нацыянальнай каманды на 2018 год, размешчанага на сайце Беларускага цяжкаатлетычнага саюзу (БЦС).

«Прэсбол» падае і прозвішчы трэнераў, якія працуюць з названымі спартоўцамі (Анатоль Лабачоў, Валянцін Кароткін ды Аляксандр Ганчароў), адзначаючы:

«Іх прозвішчы варта назваць, бо ці выпадае казаць пра самаўпраўства спартоўцаў і бессістэмнасць ужывання забароненых прэпаратаў, калі ўсе тры выпадкі лакалізаваныя ў адной спортшколе».

Выканкам Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі крыху больш за месяц таму пры падтрымцы Міжнароднага алімпійскага камітэту пайшоў на беспрэцэдэнтныя захады, ад якіх ужо пацярпела нашая зборная. Цяпер нашая каманда на бліжэйшых Гульнях у Токіа можа разлічваць толькі на мінімальную квоту ў дзве асобы (адзін мужчына і адна жанчына). Такія абмежаванні прынялі ў адносінах да камандаў, чые прадстаўнікі з 2008 году больш за 20 разоў парушалі антыдопінгавыя правілы. У гэтым шэрагу апынуліся таксама Азербайджан, Арменія, Казахстан ды Расея.

Прадугледжаныя і іншыя санкцыі. Калі ў кваліфікацыйны прамежак з 1 лістапада 2018 году па 30 красавіка 2020 году нейкая краіна заробіць тры і больш праколаў, ва ўдзеле яе спартоўцаў у Алімпіядзе могуць адмовіць, а сяброўства федэрацыі – прыпыніць.

Учора Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду прапрацаваць усталяванне крымінальнай адказнасці за допінг.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў