На Кубе забароняць называць вуліцы ў гонар Фідэля Кастра


Пра гэта заявіў ягоны брат на цырымоніі пахавання, якая адбываецца сёння ў Сант’яга-дэ-Куба.

Кіраўнік Дзяржаўнай рады Кубы Рауль Кастра аб’явіў, што Нацыянальная асамблея разгледзіць закон аб забароне на ўстаноўку помнікаў і называння вуліц у гонар ягонага памерлага брата.

«Лідар рэвалюцыі адкідваў любыя праявы культу асобы, у тым ліку ў апошнія гадзіны свайго жыцця. Ён настойваў, каб пасля яго смерці яго імя і аблічча не выкарыстоўваліся арганізацыямі, для вуліц, паркаў і іншых публічных месцаў, і каб ня ўзводзіліся бюсты, статуі і іншыя віды помнікаў », – цытуе Кастра «Associated Press».

Фідэль Кастра, які сышоў у адстаўку ў 2006 годзе з-за хваробы, цягам паўстагоддзя знаходжання ўва ўладзе ўстрымліваўся ад таго, каб дэманстраваць сваё імя і аблічча ў публічных месцах: ён казаў, што хоча пазбегнуць развіцця культу асобы. У той жа час, вобразы ягоных рэвалюцыйных паплечнікаў Каміла Сьенфуэгаса і Эрнэста «Чэ» Гевара вельмі хутка распаўсюдзіліся на Кубе пасля іх смерці.

Фідэля Кастра пахаваюць сёння ў Сант’яга-дэ-Куба.

ДД

Стужка навінаў