«На катоў! Наклалі арышт!» Ці магчыма такое, калі не аплоціш штрафу?


«У працоўным чаце галоўны запыт дня, які ўсіх разварушыў: да чалавека прыйшлі апісваць маёмасць праз нявыплату штрафу і наклалі арышт на двух катоў. На катоў! Наклалі арышт!» – падзяліўся гісторыяй праваабаронца Аляксей Казлюк.

Аказалася, гісторыя праўдзівая. Сапраўды на двух катоў наклалі арышт праз нявыплачаныя штрафы іхнага гаспадара. Як даведаўся «Белсат», праз некалькі дзён валанцёрская арганізацыя ўзяла на сябе аплату і знайшла адваката для асобаў, на маёмасць якіх наклалі арышт. З катамі ўсё ў парадку, яны застануцца ўдома.

Коцікі з народам.
Фота: чытачы «Белсат»

Хатнія жывёлы – гэта сапраўды маёмасць. Як магчыма апісаць хатніх жывёл і дзе ў такім выпадку будуць жыць хатнія ўлюбёнцы, «Белсату» патлумачыў юрыст, былы судовы выканаўца Арцём Казлоў.

– Як могуць арыштаваць ката?

– Я сутыкаўся з арыштам жывёлы, пагалоўя статка. Хатнія жывёлы таксама лічацца маёмасцю, яны маюць кошт. Тэарэтычна іх можна ацаніць. Пытанне вядома будзе ў рэалізацыі такіх катоў.

Калі браць звычайную маёмасць, то ацэначная арганізацыя ставіць кошт, адмысловыя арганізацыі рэалізуюць.

Але ў заканадаўстве аб выканаўчай вытворчасці не выдзеленыя канкрэтныя нормы, якія казалі б пра асаблівасці працы з жывёламі. Такой нормы няма на сённяшні дзень. Гэта вельмі рэдкая практыка, каб арыштоўвалі жывёлаў, асабліва хатніх.

– Як ацаніць ката?

– Часцяком, калі арыштоўваюць рагатую жывёлу, пагалоўе знаходзіцца ў закладзе ў банку і судовыя выканаўцы звяртаюць спагнанне. Цана ёсць, яна вызначана судом. І судовы выканаўца выязджае і арыштоўвае пагалоўе.

Коцікі з народам.
Фота: чытачы «Белсат»

Што тачыцца ката, то асаблівасцяў ацэнкі няма. Ацэнку, вядома, можна зрабіць судоваму выканаўцу самастойна, праз пошук у інтэрнэце. Але гэта толькі калі судовы выканаўца рызыкне, з улікам, што ў яго няма спецыяльных ведаў.

Тэарэтычна папярэдні кошт вызначыць можна. Умоўна 500 рублёў. Потым, пасля вызначэння папярэдняга кошту, трэба адправіць запыт у арганізацыю, якая ацэньвае. Я на практыцы з такім не сутыкаўся. Якія могуць быць метады і спосабы ацэнкі ката, ці будуць улічваць узрост ката? Мяркую, што хутчэй за ўсё павінны, але не сутыкаўся.

Коцікі з народам.
Фота: чытачы «Белсат»

Але ў цэлым калі гэта будзе праходзіць праз судовага выканаўцу, магчыма, ён задумаецца аб тым, каб гэты кот быў з заключэннем ветэрынара, з прышчэпкамі. Потым проста выставяць на электронныя таргі, і людзі змогуць прыняць у іх удзел. Але гэтае пытанне досыць не прапрацаванае. Канкрэтнага механізму як гэта рабіць няма.

Ганна Мачалава, зоаабаронца:

– У першы раз чую пра арышт катоў за штрафы людзей. Гісторыя ўражвае. Добра, што штрафы аплачаны, каты застануцца ўдома. Каты і сабакі ўсё ж павінны лічыцца не маёмасцю чалавека, а членамі яго сям’і. Хатнія ўлюбёнцы – гэта сваякі, дзіка ведаць, што іх могуць забраць за штрафы.

– Да выплаты штрафу каты маюць права жыць з гаспадаром?

– Так, вядома. Судовы выканаўца ў момант арышту прымае рашэнне будзе ён канфіскоўваць маёмасць у даўжніка ці не. Зразумела, што ката адбіраць сэнсу няма, таму што куды яго потым аддаць? Умоўна гэта трэба заключыць дамову падраздзяленню судовых выканаўцаў з нейкай арганізацыяй, прытулкам, якія будуць утрымліваць гэтага ката. Так проста забраць ката ў нікуды нельга. Судовы выканаўца дадому яго сабе не забярэ, камусьці не перадасць. Вядома ў 99% выпадкаў судовы выканаўца будзе пакідаць ката ў даўжніка. Проста ён яго папярэдзіць пра крымінальную адказнасць за адчужэнне гэтага ката – за яго продаж, утойванне. Папярэджваецца па 409 артыкуле крымінальнага кодэксу аб адказнасці.

Коцікі з народам.
Фота: чытачы «Белсат»

– Як толькі штраф аплачаны, з катоў здымецца арышт?

– Як толькі штраф аплачаны, канчаецца выканаўчая вытворчасць. Калі чалавек аплаціў штраф, ён павінен пра тое паведаміць судоваму выканаўцу. Гэта падстава для таго, каб судовы выканаўца зняў арышт з ката і вынес пастанову аб заканчэнні выканаўчай вытворчасці. Кот вольны, даўжнік таксама вольны.

ІК, «Белсат»

Стужка навінаў