«На карце – мінус 2900 рублёў». У BY_help кажуць пра спісанне грошай і блакаванні рахункаў пацярпелых беларусаў


Праваахоўныя органы пачалі блакаваць рахункі беларусаў, якія атрымлівалі кампенсацыі ад ініцыятывы BY_help. На дадзены момант вядома больш чым пра 60 такіх выпадках.

26-гадовы прадпрымальнік Вадзім Каспяровіч распавёў сваю гісторыю.

– Я атрымаў грошы дапамогі яшчэ напэўна месяц таму, практычна адразу іх зняў. А ўчора пасля гэтай навіны зайшоў праверыць інтэрнэт-банкінг і бачу, што ў мяне на карце мінус 2900 рублей. Хаця на гэтай карце заставаўся адзін рубель. Атрымліваецца яны проста «замінусавалі». Гэта была разавая выплата як ахвяры катавання. Я прайшоў праз Савецкі РАУС і Акрэсціна 12-13 жніўня. Атрымаў траўмы. У сувязі з гэтым дапамога.

– Што будзеце рабіць далей?

– Я зараз знаходжуся па медычнай рэабілітацыйнай праграме у Чэхіі і пакуль буду тут. У бліжэйшы час я дакладна не збіраюся нічога выплочваць. І ў далейшым таксама не планую. Але трэба разбірацца.

Аб маштабе блакавання рахункаў на сваёй старонцы ў Facebook распавёў адзін з заснавальнікаў BY_help Аляксей Лявончык.

– З рахункаў беларусаў скралі 1 400 000 рублёў, што яны атрымалі ў якасці кампенсацыі за катаванні ад катаў у чорным, што баяцца проста паказаць твар. А калі можна скрасці мільён чатырыста, то і 14 мільёнаў можна ўкрасці. І 140. І паўтары мільярды.Ніводзін дэпазіт цяпер не знаходзіцца ў бяспецы. Самае правільнае, што можна зараз зрабіць – гэта ўзяць картку і адправіцца ў бок бліжэйшага банкамату. Або банкаўскага аддзялення. Але BY_help працягвае працу ў штатным рэжыме. Нічога не мяняецца. Выплаты працягваюцца, – напісаў у сваім Facebook Аляксей Лявончык.

Hавiны
«Я магла там лёгка памерці». Затрыманая доктарка – пра катаванні сілавікоў, якія ведаюць, «што ім нічога не будзе»
2020.11.10 17:10

Як стала вядома «Белсату», рахункі блакуюць усе беларускія банкі. Але прадстаўнікі фондаў настойваюць, што дапамога рэпрэсіраваным беларусам будзе працягвацца.

– Дапамога не спыніцца – гэта дакладна. Падкрэслю. Ні аднаго выпадку арышту рахункаў людзей, якія атрымалі дапамогу ад BYSOL не было, усе эпізоды арыштаў тычацца дапамогі ад кампаніі BY_help. І ў фонду і ў кампаніі ёсць дастаткова механізмаў для таго, каб працягваць дапамогу рэпрэсаваным беларусам, – распавёў Белсату адзін з заснавальнікаў кампаніі BY_help і фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак.

Раптоўнае блакаванне рахункаў можа мець наступствы для ўсёй банкаўскай сістэмы Беларусі.

– Камітэт дзяржаўнай бяспекі разаслаў па беларускай банкаўскай сістэме цыркуляр, згодна з якім банкі абавязаныя зачыняць рахункі тым грамадзянам, якія атрымліваюць фінансавую дапамогу па праграмах By_Help і By_Sol. Што гэта значыць? А гэта значыць, што рэжым выкарыстоўвае банкаўскую сістэму для палітычнага ціску на грамадзянаў Беларусі. Што з гэтага вынікае? Што з гэтага часу мы будзем знаходзіцца ў сваім праве, патрабуючы адключыць Беларусь ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы перадачы інфармацыі і здзяйснення плацяжоў SWIFT. На дадзены момант просьбы аб разглядзе гэтай прапановы адпраўленыя ў Дзярждэпартамент ЗША, у штаб абранага прэзідэнта Джоў Байдэна і ў кампетэнтныя еўрапейскія фінансавыя і палітычныя структуры, – напісаў у Facebook Мікалай Халезін.

Кампанія BY_help дапамагае арыштаваным, аштрафаваным, параненым, збітым, а таксама, у выключных выпадках, аплачвае адвакатаў.
Паводле справаздачы, кампанія BY_help падтрымала больш за 3300 заявак ад беларусаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій. Усяго заявак у базе больш за 8700.
Агульная сума выплачаных кампенсацый – 3 674 471 рубель. Яны пайшлі на кампенсацыю 1640 штрафаў, 1209 выплатаў па аказанні медычнай дапамогі, 401 аплату знаходжання на «сутках» адміністрацыйнага арышту, 83 кампенсацыі паслуг адвакатаў.

IK, belsat.eu

Стужка навінаў