Інаўгурацыя Зяленскага. Беларусь прадставіў Ігар Ляшэнка. ОНЛАЙН


Уладзімір Зяленскі прынёс прысягу ўкраінскаму народу на ўрачыстым пасяджэнні Вярхоўнай Рады, паведамляе карэспандэнт belsat.eu у Кіеве.

Пасля ў Зяленскага запланаваныя двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі замежных дэлегацый у Адміністрацыі прэзідэнта. Акрамя таго, каманда новага прэзідэнта Украіны абяцае зладзіць падчас цырымоніі «фішкі». Там адзначылі, што такой інаўгурацыі яшчэ не было.

Новаабраны прэзідэнт запрасіў усіх ахвочых далучыцца да ягонага шэсця, якое пачнецца з Марыінскага парку. Менавіта адтуль ён адправіцца на цырымонію інаўгурацыі. Напярэдадні Зяленскі правёў рэпетыцыю.

«Мы хацелі правесці інаўгурацыю 19 траўня, а не 20, як вырашыла Вярхоўная Рада. Каб гэта быў выходны дзень, каб не ствараць праблемаў і транспартнага затору. Але Рада прагаласавала так, як прагаласавала. Прабачце нам, прабачце Радзе. Рада стварыла нязручнасці нам, а мы, абяцаю, зробім нязручнасці ім».

Беларусь на інаўгурацыі новаабранага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага будзе прадстаўляць віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка. Пра гэта паведамляе TUT.BY.

У 2014 годзе на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі ездзіў Аляксандр Лукашэнка. Тады запрашэнне адпраўлялі асабіста на імя кіраўніка Беларусі. Уладзімір Зяленскі разаслаў цыркулярнае запрашэнне праз амбасады.

Плануецца, што ўдзел у інаўгурацыі возьмуць прэзідэнты Латвіі, Літвы, Эстоніі, Грузіі, Венгрыі, віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Мараш Шэфчовіч і памочнік генеральнага сакратара NATO. Як раней заявілі ў МЗС Украіны, прадстаўнікоў Расеі на інаўгурацыю прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага не запрасілі.

Hавiны
Зяленскі пачаў інфармацыйную вайну за Крым і Данбас. Як і абяцаў
2019.05.13 20:34

СК belsat.eu

Стужка навінаў