На Гомельшчыне знайшлі дзве падпольныя лабараторыі па вытворчасці амфетаміну


Гомельскія праваахоўнікі выявілі ў вёсцы Лапаціна (Гомельскі раён) лабараторыю, дзе варылі амфетамін.

Раней у пасёлку Янтарны (Гомельскі раён) аператыўнікі наркакантролю абласной міліцыі спынілі аўтамабіль «Опель Вектра». За стырном знаходзіўся жыхар в. Лапаціна, 1988 года нараджэння.

У салоне аўтамабіля міліцыянты знайшлі парашкападобнае рэчыва агульнай масай 0,7862 гр., якое, паводле экспертызы, утрымлівала амфетамін.

Пазней высветлілася, што затрыманы зладзіў у сваім доме ў вёсцы Лапаціна падпольную лабараторыю. Мужчына «варыў амфетамін па ўласным рэцэпце», піша сайт УУС Гомельскага аблвыканкаму. Усё неабходнае для вытворчасці наркотыка мужчына набываў у Расеі.

28 сакавіка стала вядома пра яшчэ адну лабараторыю ў пасёлку Рассвет (Добрушскі раён).

Падпольную лабараторыю па вытворчасці наркатычных сродкаў зрабіў гамяльчук, 1977 года нараджэння і ягоны напарнік, жыхар вобласці, 1986 года нараджэння.

Па абодвух эпізодах Следчае ўпраўленне УСК Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці завяло крымінальныя справы (арт. 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі – абарот наркотыкаў, прэкурсораў і псіхатропных рэчываў).

Фота: uvd.gomel.by

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў