На Гомельшчыне затрымалі дзве фуры са скрадзенымі мінеральнымі ўгнаеннямі


На трасе М-10 побач з Калінкавічамі затрымалі дзве фуры, якія везлі 80 тонаў скрадзеных мінеральных угнаенняў.

Інцыдэнт адбыўся яшчэ 10 красавіка, але УУС Гомельскага аблвыканкаму распавёў пра яго на сваім сайце толькі сёння.

Аператыўнікі спынілі велікагрузныя аўты, якія збіраліся выехаць у Расею, паведамляе афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталій Прыстромаў.

Кіроўцы паказалі суправаджальныя дакументы на груз, аднак міліцыянты, засумняваўшыся ў сапраўднасці транспартных накладных, вырашылі груз праверыць. Выявілася, што кіроўцы везлі на продаж у суседнюю краіну 80 тонаў мінеральных угнаенняў на суму ў 20 тыс. рублёў. Праваахоўнікі кажуць пра спыненне адладжанага крымінальнага механізму раскрадання ўгнаенняў.

У той жа дзень Упраўленне Следчага камітэту па Гомельскай вобласці распачало крымінальную справу паводле ч.3 арт.210 Крымінальнага кодэксу Беларусі (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).

Падазраваным стаў дырэктар і адзіны заснавальнік ПГУП «Автомедон», 1963 года нараджэння. Ён жа адначасова быў і намеснікам кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Антонаўскія яблыкі» Калінкавіцкага раёну, паведамляе афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму і дадае, што ў злачынную схему быў уключаны сын падазраванага (які быў менеджарам у фірме) ды кіроўцы фірмы і некаторых дзяржарганізацый.

Мяркуецца, што падазраваныя дамовіліся з асобамі, якія займаюцца забеспячэннем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельшчыны мінеральнымі ўгнаеннямі. Па заведама падложных дакументах яны арганізавалі адгрузкі набытых за дзяржаўныя грошы ўгнаенняў, якія павінныя быць рэалізаваныя толькі гаспадаркам Беларусі. Далей угнаенні перавозіліся на склады транспартнай фірмы «Автомедон» і фермерскай гаспадаркі «Антонаўскія яблыкі», размешчаныя ў Калінкавічах. Затым, з інтэрвалам у 3-5 дзён, яны вывозіліся велікагрузным транспартам і рэалізоўваліся за наяўныя ў Расеі.

У ходзе ператрусаў на складах «Автомедону» і «Антонаўскіх яблыкаў» выявілі і канфіскавалі больш за 100 тон мінеральных угнаенняў, накладзены арышт на два велікагрузныя аўтамабілі і пазадарожнік, якія знаходзяцца ў карыстанні дырэктара фірмы.

Шэраг фігурантаў крымінальнай справы ўжо затрыманыя і арыштаваныя. Кіраўнік «Автомедон» уцёк і знаходзіцца ў вышуку.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў