На Гомельшчыне пачаліся масавыя затрыманні актывістаў


Ад пачатку жніўня міліцыя пачала паляваць на дэмакратычных актывістаў, многія вымушаны не начаваць дома.

5 жніўня ля выбарчага ўчастку № 16 у Гомлі быў затрыманы кандыдат пратэсту Уладзімір Няпомняшчых. Яго не дапусцілі назіраць на ўчастку, таму ён быў вымушаны назіраць з ганку Дому прафсаюзаў. Каля 20:30 Уладзіміра затрымалі, ён находзіцца ў Цэнтральным РАУСе.

Уладзімір Няпомняшчых.
Фота: Belsat.eu

Таксама 5 жніўня быў дэпартаваны расейскі журналіст-фрылансер Леанід Кудзінаў. 7 траўня ён прыняў удзел у акцыі салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскім у цэнтры Гомля. 3 ліпеня ён зняў на відэа затрыманне актывісткі Святланы Нарскінай, рабіў матэрыялы ў сваім блогу пра судовыя працэсы над ёй.

31 ліпеня ў цэнтры Чачэрска міліцыянты затрымалі мясцовага актывіста Юрыя Кавалёва. 4 жніўня ён атрымаў 10 сутак адміністратыўнага арышту, цяпер знаходзіцца ў ІЧУ Гомля. Родным не паведамляюць за што менавіта быў затрыманы іх сваяк. На яго сына Арцёма ўжо некалькі дзён палююць міліцыянты. 5 жніўня ў доме ягонай маці адбыўся ператрус, каля кватэры яго сям’і ўвесь час дзяжураць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Юрый Кавалёў

Супрацоўнікі пільнуюць каля кватэры і каля дома бацькоў актывіста гомельскай каманды «Страна для жизни» Дзмітрыя Лукомскага. Падчас агітацыйных пікетаў за Святлану Ціханоўскую ён вёў онлайн-трансляцыі.

5 жніўня ў абед у вёсцы Чорнае быў затрыманы актывіст Аляксей Елісееў. Ён паўтары месяцы хаваўся ад міліцыі, каб яго не адправілі адбываць адміністратыўны арышт за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве падчас збору подпісаў за кандыдатаў. Супрацоўнікі Рэчыцкага РАУСа змясцілі яго ў ІЧУ Рэчыцы. Аляксей Елісееў – бацька шасці няпоўнагадовых дзяцей.

https://www.facebook.com/BELSAT.TV/videos/942528286215534/

3 жніўня 10 сутак адміністратыўнага арышту атрымаў адміністратар суполкі «Хойнікі для жыцця» Яўген Васількоў. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.

27 ліпеня адправілі адбываць 15 сутак арышту актывіста з вёскі Стрэшын Віталя Грыцкова. Яго асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы 14 ліпеня ў Жлобіне.

ЛШ Belsat.eu

Стужка навінаў