На Глыбоччыне турнікі са школьнага стадыёну адправілі на металалом


Пасля закрыцця школы ў вёсцы Верхняе стадыён быў бадай што адзіным месцам, дзе маглі бавіць час дзеці і падлеткі.

Першыя паведамленні пра разбіранне спартовага абʼекту на металалом зрабілі ў сацыяльных сетках мясцовыя дзеці: маўляў, калгасу даведзены адпаведны план – трэба выконваць.

На месца выехала здымачная група «Белсату», але журналістам кіраўніцтва калгасу аніяк не ўзрадавалася. Старшыня калгасу Іван Корж гразіўся пабіць камеру і самога журналіста, а нават выклікаў міліцыю.

Але пасля дырэктар усё-ткі супакоіўся і распавёў, што будынак зачыненай школы выкупіў прыватнік, які плануе зарганізаваць вытворчасць вокнаў. А працаўнікі калгасу папросту дэмантуюць гэтыя металёвыя часткі стадыёну, каб яны не дасталіся бізнесоўцу.

Зрэшты, браць у вяскоўцаў асабліва няма чаго. Акрамя школы ў Верхнім закрытыя пошта ды лазня. Працаваць даводзіцца ездзіць за 12 кіламетраў у Глыбокае. Дый нават калі прыватнік усё-ткі запусціць выраб вокнаў, мясцовыя жыхары на яго не спадзяюцца: дзе ж ты тут спецыяліста знойдзеш? А таму і планы на будучыню Верхняга неяк зусім не вымалёўваюцца. У адрозненне, скажам, ад плану па здачы металалому.

Валер Руселік, belsat.eu

Стужка навінаў