На гадавіну рэферэндуму 1996 года Статкевіч і Някляеў правядуць акцыю ў Менску


Апазіцыйныя палітыкі правядуць акцыю з нагоды рэферэндуму 1996 года.

Пра свой намер Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў сёння папярэдзілі Менгарвыканкам.

Акцыя мае адбыцца на плошчы Свабоды ў Менску 24 лістапада.

«Гэта не заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства, якая падаецца за 15 дзён, а менавіта апавяшчэнне. У Беларусі адсутнічае легітымнае заканадаўства па пытаннях правядзення масавых акцыяў. Дзеючыя законы груба парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзянаў і не адпавядаюць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі», – так Мікалай Статкевіч пракаментаваў апавяшчэнне Менгарвыканкаму.

Паводле яго, зараз даводзіцца «кіравацца Канстытуцыяй і практыкай, што склалася ў суседніх краінах».

Глядзіце таксама >>> Амапаўцы не здолелі спыніць студэнцкае віншаванне

«Мы паведамляем уладам, што будзем выкарыстоўваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду збораў 24 лістапада на плошчы Свабоды, дзе правядзем мітынг, прысвечаны 20-й гадавіне дзяржаўнага перавароту, чорнай даце ў гісторыі Беларусі», – адзначыў Статкевіч.

Рэферэндум 24 лістапада 1996 года быў правялі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з яго вынікамі, у Канстытуцыю ўнеслі змены, якія, акрамя іншага, працягнулі тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі на два з паловай гады. Вынікі рэферэндуму не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю, Еўразвязам, ЗША, АБСЕ ды іншымі аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў