«На фронце кажуць: калі б у нас кіраваў Лукашэнка, вайна даўно б скончылася», – беларус, які атрымаў ордэн «Народны герой Украіны»


Беларускі добраахвотнік Дзмітрый Рубашэўскі (пазыўны «Ганс»), якога ў снежні 2017 года ўзнагародзілі ордэнам «Народны герой Украіны», даў эксклюзіўнае інтэрв’ю belsat.eu. «Ганс» – адзіны беларус, які атрымаў гэты ордэн пры жыцці.

«Народны герой Украіны» – ўзнагарода, заснаваная ўкраінскімі валанцёрамі ў чэрвені 2015 года. За гэты час ордэн атрымалі больш за 340 чалавек. Узнагарода ўручаецца грамадзянам Украіны і іншых дзяржаваў за выбітныя заслугі ў абароне незалежнасці Украіны і валанцёрскай дапамозе войску. Ордэн «Народны герой Украіны» атрымлівалі толькі двое беларусаў – у 2016 годзе Алесь Чаркашын (пасмяротна) і ў 2017 годзе Дзмітрый Рубашэўскі.

Цяпер «Ганс» знаходзіцца ў зоне АТА, ваюе ў складзе Добраахвотніцкага ўкраінскага батальёну «Правы сектар». У інтэрв’ю belsat.eu 26-гадовы беларускі добраахвотнік з Берасця распавёў пра тое, як ён трапіў на Данбас, пра крымінальную справу супраць сябе ў Беларусі і свае знаёмства з беларусамі па абедзве лініі фронту.

«У КДБ мне патлумачылі, што ваяваць нельга»

Беларус “Ганс” падчас узнагароджання. Фота – Фэйсбук

– Дзмітрый, за што ты атрымаў ордэн «Народны герой Украіны»?

– Лепш спытаць пра гэта ў тых, хто мяне ўзнагародзіў! Гэта не была ўзнагарода за нейкі асобны, канкрэтны ўчынак. Мяне адзначылі, так бы мовіць, па сукупнасці маёй службы.

– Ты паехаў на вайну ў 2015 годзе, ужо пасля бітвы за Дэбальцава. Чаму менавіта тады, а не раней?

– Патрэбны быў час, каб саарыентавацца, як і куды ехаць. У мяне ва Украіне не было ні сваякоў, ні сяброў, прыходзілася самому шукаць усе ўваходы і выхады. Спачатку я запоўніў анкету добраахвотніка на сайце батальёну «Данбас». Але пасля гэтага мяне адразу выклікалі ў КДБ. Там мне патлумачылі, што ваяваць нельга, і далі падпісаць паперу, што я папярэджаны аб тым, што ў выпадку, калі я прыму ўдзел у баявых дзеяннях, то супраць мяне распачнуць крымінальную справу.

– То бок яны праз інтэрнэт адсачылі, што ты накіроўваў анкету ў батальён «Данбас»?

– Наколькі я разумею – так, праз электронную пошту адсачылі. Але нягледзячы на тое, што я падпісаў гэтую паперу, я ўсё ж вырашыў паехаць. Спачатку я хацеў у батальён «Азоў», але на той час там ужо не бралі іншаземцаў. А потым убачыў аб’яву, што «Правы сектар» набірае добраахвотнікаў, у тым ліку замежнікаў. Узяў адпачынак на працы (я працаваў на фабрыцы кардонных каробак), паехаў у Львоў, там мяне сустрэлі, я прайшоў навучанне. Але пасля гэтага я трапіў не на вайну, а на мяжу з Крымам – 1,5 месяцы там стаялі. Потым у Кіеве пазнаёміўся з беларусамі з Тактычнай групы, вось яны і дапамаглі мне трапіць на фронт. Гэта ўжо была вясна 2016 года. Спачатку я месяц прабыў у батальёне АУН у Песках. А ўжо пасля мяне ўзялі ў 1-ю штурмавую роту ДУК «Правы сектар».

– А ты вайсковага досведу не меў, у беларускім войску не служыў?

– Не, не служыў.

– А падрыхтоўка ў львоўскім лагеры была сур’ёзная? Ці быў гатовы пасля яе да вайны?

– Ну маральна я быў гатовы яшчэ, калі ехаў ва Украіну. А што да падрыхтоўкі…Гэта была падрыхтоўка для навічкоў на працягу месяца. У асноўным – фізічная і тактычная падрыхтоўка. Ну аўтамат хіба навучыўся разбіраць. Страляць не вучылі, першы раз страляў я ўжо ў Песках.

Аднакурснік – на баку сепаратыстаў

– Раней у інтэрв’ю ўкраінскім журналістам ты распавядаў, што на супрацьлеглым баку на Данбасе ваююць твае знаёмые беларусы, з якімі ты разам вучыўся…

– Ведаю, што адзін хлопец быў у Луганску – пабачыў «Укантакце» ягоныя фоткі з Данбасу з паплечнікамі. Не хачу называць прозвішча. Мы разам вучыліся ў 65-й будаўнічай вучэльні ў Берасці. Але як ён цяпер, што з ім, я не ведаю – пасля таго, як пачалася вайна, я з ім не падтрымліваў сувязь.

– Ты не задаваўся пытаннем: як атрымалася, што вы разам вучыліся, жылі ў адным горадзе, а на вайне апынуліся па розны бакі фронту?

– Уся справа ў дзяржаве, у якой не атрымалася з расейскай гісторыі перайсці на беларускую. Нас з дзяцінства вучылі так: беларуская мова, беларуская гісторыя – гэта другаснае. Галоўнае – Расея, расейская гісторыя.

– А як ты адышоў ад гэтых стерэатыпаў?

– Шмат чытаў розных навінаў у інтэрнэце, аналізаваў, рабіў высновы….Спачатку я наогул трымаўся нейтралітэту ў сваіх поглядах на гэтую вайну і толькі потым стаў на бок Украіны.

– А ці шмат беларусаў з украінскага боку ты ведаеш?

– Так. У тым ліку знаёмы з маладафронтаўцам Эдуардам Лобавым – мы разам ваявалі ў Песках і ў прамзоне Аўдзееўкі.

Экс-палітвязень Эдуард Лобаў. З’ехаў на Данбас у 2015 годзе

– Ты быў і ў Песках, і ў Бутаўцы, і пад Аўдзееўкай – гэта самыя гарачыя кропкі на Данбасе ў апошнія гады. А які самы цяжкі бой у цябе быў?

– Летам 2016-га пад Бутаўкай. Тады ў нас было шмат 200-х і 300-х (забітых і параненых – belsat.eu). Але гэта нават цяжка назваць боем – гэта было «месіва» ў адзін бок, нас абстрэльвалі з 120-мм мінамётаў.

Пад Бутаўкай я і першае раненне атрымаў – у нагу прыляцеў асколак з АГС (аўтаматычны гранатамёт станковы – belsat.eu). А другі раз мы выносілі параненага і побач з намі разарваўся снарад РПГ (ручны супрацьтанкавы гранатамёт – belsat.eu) – таксама пашкодзіў нагу і руку.

– У цябе ніколі не з’яўлялася такой думкі: а што я тут раблю? Навошта?

– Вядома, такія думкі былі. Але паколькі я ўжо прыехаў, паколькі пачаў – трэба даводзіць да завяршэння справу…

– А што для цябе будзе завяршэннем справы? Як ты гэта вызначыў для сябе?

– Завяршэнне справы – гэта вяртанне Украіне яе былых межаў, вызваленне Данбасу.

Дзмітрый Рубашэўскі, “Ганс”. Фота – Фэйсбук

– Кажуць, што вайна цяпер ідзе пераважна дыстанцыйная, калі ты не бачыш свайго ворага і калі страляеш, то нават не заўсёды ведаеш, ці забіў ты праціўніка…

– Я як раз ведаю. Але я не хачу казаць пра гэта…

– Добра. Мы ўжо размаўлялі пра тваіх знаёмых, якія апынуліся на супрацьлеглым баку фронту. Цябе не прыходзіла ў галаву, што ты будзеш рабіць, калі сутыкнешся з імі на лініі фронту?

– Я стараюся ніколі першым не страляць… Але калі ён будзе ў мяне страляць – я буду вымушаны страляць у адказ.

Пра нацыянал-сацыялізм і Лукашэнку

Дзмітрый Рубашэўскі (“Ганс”). Фота – Фэйсбук, WM Blood

– Чаму твой пазыўны «Ганс»?

– Гэта перш за ўсё праз тое, што ў мяне нямецкая кепка часоў Другой сусветнай вайны. Ну і наогул я цікаўлюся гісторыяй. Можна сказаць, што паводле палітычных поглядаў, я прыхільнік нацыянал-сацыялізму, але не гітлераўскага, не нямецкага. А каб для ўсёй Еўропы. Усё мадэрнізуецца і нацыянал-сацыялізм таксама. Трэба, каб усё жылі разам, краіны дапамагалі адзін аднаму, не было імперыяў.

– А што ты думаеш пра Лукашэнку?

– Хто б што ні казаў, але трэба прызнаць, што ён спраўляецца са сваімі абавязкамі. Дый замяніць яго няма кім. Апазіцыя? Акрамя таго, каб махаць сцягамі яны нічога не здольныя зрабіць. Яны нічога не могуць прапанаваць. А Лукашэнка нешта робіць, гарады прыведзеныя ў парадак…

– А ўкраінскія жаўнеры ў зоне АТА як ставяцца да Беларусі Лукашэнкі? Станоўча ці як да «сатэліта Пуціна»?

– Станоўча. Да Лукашэнкі добра ставяцца за ягоную ўпартасць і тое, што вырашае пытанне сілавым шляхам. Байцы на фронце кажуць: калі б у нас такі прэзідэнт быў, то вайна даўно бы скончылася, не было б ніякіх перамір’яў. Людзям падабаецца ягоная рашучасць. А ў нас што – нібыта мір з 2015 года, а людзі ўсё роўна гінуць, кожны дзень баі, кожны дзень абстрэлы.

– Наколькі я разумею, ты не карыстаешся беларускай мовай у паўсядзённым жыцці, так?

– Не, не карыстаюся. Чытаю па-беларуску, так, а вось размаўляць цяжка, не хапае практыкі. Хаця я, калі жыў у Берасце, хадзіў на курсы «МоваНанова». Вывучаць мову – гэта правільна.

«У кожнага свая праўда»

Злева – Дзмітрый Рубашэўскі, “Ганс”. Фота – Фэйсбук

– У Беларусі на цябе заведзеная крымінальная справа?

– Так, паводле арт. 133 «Найміцтва». Я да гэтага спакойна стаўлюся. У кожнага свая праўда. У нас свая, у КДБ свая, у сепараў свая. Я паехаў ваяваць за свае перакананні, а ў нашай улады перакананні іншыя. Мне гэта адразу вельмі добра патлумачылі. Таму я ведаў, што мне пагражае.

– Да тваіх сваякоў прыходзілі з ператрусамі, выклікалі на допыты?

– Не хачу шмат пра гэта казаць, каб не абвастраць абстаноўку… У прынцыпе КДБ выконвае сваю працу спакойна і прафесійна. У маіх родных ніякіх праблемаў у Беларусі няма. Мой брат цяпер служыць у беларускім войску – у яго таксама ўсё нармальна. Як сказалі КДБшнікі: сваякі не ў адказе.

– Ці правільна я разумею, што ў Беларусь ты вернешся толькі пасля змены ўлады?

– Ды не. Я вярнуся тады, калі мы вернем украінска-расейскую мяжу пад кантроль. Не важна, пасадзяць мяне ў Беларусі ці не. Я ў любым выпадку збіраюся вярнуцца на радзіму.

 

Гутарыў Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў