На фоне размоваў пра бяспеку. Чаму Мясніковіч не прыехаў у Варшаву?


Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч сёння мусіў наведаць Польска-беларускі бізнес-форум у Варшаве, аднак, паводле інфармацыі belsat.eu, у апошні момант ягоны ўдзел у форуме быў адменены. Мы запыталі экспертаў, што цяпер адбываецца ў двухбаковых дачыненнях Польшчы і Беларусі.

Як паведамляла раней «Польскае радыё», у бізнес-форуме прымуць удзел прадстаўнікі 38 беларускіх прадпрыемстваў з розных галін прамысловасці. Форум арганізаваны Нацыянальнай эканамічнай палатай Польшчы ў супрацы з польскім Сенатам, Міністэрствам прадпрымальніцтва і тэхналогіі ды Беларускай гандлёва-прамысловай палатай. Яшчэ адная адметнасць форуму ў тым, што ён праходзіць паралельна з «Warsaw Security Forum», імпрэзаю, дзе топ-палітыкі нашага рэгіёну абмяркоўваць пытанні бяспекі. У кулуарах канферэнцыі па бяспецы адзначаюць, што не хацелі б бачыць сярод удзельнікаў дэлегацыю з Беларусі.

Беларускія медыі адзначалі, што акрамя бізнес-форуму Мясніковіч таксама мусіў прыняць удзел у паседжанні сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічнай супрацы.

Мясніковіч амаль 6 гадоў узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. Фота naviny.by

Палітычны эксперт, адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Дзея» Алесь Лагвінец у размове з belsat.eu адзначыў, што ад самага пачатку фармат візіту Мясніковіча сведчыў пра тое, што ўлады Беларусі хочуць сканцэнтравацца на прагматычных пытаннях эканамічнай супрацы дзвюх краінаў, мінімізуючы палітычныя кантакты. На думку палітолага, Польшча пакуль застаецца для на перыферыі вонкавай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

«Стасункі паміж краінамі, якіх яднае супольная гісторыя, інтарэсы ў рэгіёне і вялізарныя людскія кантакты, застаюцца нездавальняльнымі, іх патэнцыял нерэалізаваны. Асноўная прычына палягае ў прыродзе палітычнага рэжыму ў Беларусі. Менск працягвае асцярожна ставіцца да Варшавы і падазраваць Польшчу ў нейкай антыбеларускай палітыцы, хаця насамрэч гэта палітыка, скіраваная на падтрыманне грамадзянскай супольнасці Беларусі», – кажа Алесь Лагвінец.

З іншага боку, прызнае эксперт, у апошнія гады ўсё ж назіраецца пэўная нармалізацыя двухбаковых дачыненняў. Пазіцыя Варшавы адпавядае палітыцы Еўразвяза на беларускім напрамку: яна скіраваная на паступовае павелічэнне двухбаковых кантактаў.

Міхаіл Мясніковіч. Фота www.souzveche.ru

Дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў таксама звяртае ўвагу на тое, што «генеральная лінія» еўрапейскіх краінаў на больш лаяльнае ўспрыманне Беларусі працягвае рэалізоўвацца. Але сама ідэя візіту Мясніковіча вельмі характэрная:

«Падобныя форумы дзелавых колаў выступаюць адным з варыянтаў падтрымання двухбаковых кантактаў. Аднак гэта хутчэй ускосныя каналы. Яны менш афіцыйныя і палітычныя, чым, напрыклад, сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў парламентаў».

Андрэй Ягораў мяркуе, што пасля абрання прэзідэнтам Польшчы Анджэя Дуды Варшава вельмі аптымістычна глядзела на перспектывы развіцця стасункаў з афіцыйным Менскам. Аднак «першы перыяд рамантычнага ўспрымання», сімвалам якога стаў візіт міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага ў Беларусі ў сакавіку 2016 года, скончыўся. Спадзевы Варшавы не апраўдаліся.

«Былі спадзевы з пашырэннем польскага тэлевізійнага вяшчання на Беларусь, вырашэнне праблемаў з польскай меншасцю ў Беларусі, рэалізацыя пагаднення пра новы памежны рух і г.д. Але ўсе гэтыя надзеі засталіся надзеямі: стасункі Менску і Варшавы завіслі ў перыядзе, калі ёсць спадзевы, але фактычна нічога не вырашаецца. Цяпер сітуацыя ў двухбаковых стасунках хутчэй прахалодная, але не варожая», – канстатуе палітолаг.

Лукашэнка і Вашчыкоўскі, 2016 год. Фота – president.gov.by
  • Міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі наведаў Беларусь 22-23 сакавіка 2016 года, сустрэўся з Уладзімірам Макеем і Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта быў першы візіт кіраўніка польскага МЗС з лістапада 2010 года, калі Менск наведаў Радаслаў Сікорскі.
  • Візіт Вашчыкоўскага быў успрыняты як сведчанне «пацяплення» ў адносінах Менску і Варшавы. «Не ведаю, ці афіцыйны Менск цяпер мае нейкае новае бачанне сваёй вонкавай палітыкі, але ў Польшчы змены дакладна ёсць, бо новы ўрад робіць крокі насустрач Беларусі – мы лічым, што для гэтага былі перадумовы – і мы спрабуем арганізаваць новыя каналы супрацы з Беларуссю і максімальна наблізіць Беларусь да Еўропы», – заявіў польскі міністр. У тым жа 2016 годзе Польшчу наведаў Уладзімір Макей, а Беларусь – польскі віцэ-прэм’ер Матэўш Маравецкі і маршал Сенату Станіслаў Карчэўскі. Некаторыя палітолагі выказвалі думку, што ў бліжэйшы час у Беларусь можа прыехаць і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
  • Вясной 2017 года афіцыйная Варшава асудзіла рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў недармаедаў, запалохванне СМІ і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Вітальд Вашчыкоўскі паабяцаў перагледзіць палітыку адносна Беларусі, калі эскалацыя рэпрэсіяў працягнецца.
  • Польшча – шосты вонкаваэканамічны партнёр Беларусі па аб’ему гандлю. Па выніках 2017 года беларуска-польскі таваразварот склаў $ 2,4 млрд, што на $ 423 млн. больш чым у 2016 годзе.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў