На фабрыцы «8 сакавіка» частку заробку выдалі панчохамі, шкарпэткамі і ніжняю бялізнаю


Рэдакцыя belsat.eu атрымала паведамленне пра тое, што на гомельскай трыкатажнай фабрыцы «8 сакавіка» частку заробку выдалі прадукцыяй:

«На трыкатажнай фабрыцы «8 сакавіка» заробак выдалі панчохамі, шкарпэткамі і ніжняю бялізнаю. Работнікі прадпрыемства сутыкаюцца з гэтым ужо не ўпершыню», – паведаміла крыніца «Белсату».

Мы паспрабавалі разабрацца, ці адпавядае гэтая інфармацыя рэчаіснасці і што на гэты конт думаюць працаўнікі фабрыкі.

Суразмоўца, які пажадаў застацца невядомым, паведаміў, што сапраўды частку заробку памерам 80 рублёў выдалі двума сертыфікатамі па 40 рублёў на гатовую прадукцыю «8 сакавіка». У разліковым аркушы пры гэтым асадкаю было пазначана «80 руб». Калі сталі з’яўляцца нязгодныя з такім станам рэчаў, дырэктар выдаў загад, які мусіў падпісаць кожны работнік:

«Сертыфікаты гэтыя выдаюць нам ужо прыблізна трэці раз. Такім чынам кіраўніцтва фабрыкі хоча выканаць загад кіраўніка краіны ў справе падвышэння заробку бюджэтнікаў», – мяркуе работнік.

Іншыя ж працаўнікі, якія пагадзіліся на размову, кажуць, што сертыфікаты выдалі ў якасці падарункаў да Новага года:

«Гэтыя 80 рублёў – гэта плюс да заробку. Іх далі як падарунак на Новы год. Але не ўсе насамрэч задаволеныя гэтым падарункам, бо людзям трэба аплочваць камунальныя паслугі, харчавацца, і гэта немагчыма зрабіць гэтымі сертыфікатамі».

Некаторыя з работнікаў наадварот задаволеныя такім «бонусам»:

«Мы самыя просім! Нам падабаецца нашая прадукцыя. Чаму б не ўзяць?!» – адзначае працаўніца. Ейная сяброўка дадае: «Сертыфікаты выдалі да свята, мы пайшлі і ўзялі прадукцыю, якую нам захацелася. Чаго пратэставаць?»

Атрымаць афіцыйную інфармацыю ад кіраўнікоў прадпрыемства не ўдалося: на тэлефонныя званкі ніхто не адказвае.

Аб’ектыў
Вяскоўцы, праз мізэрныя заробкі ў калгасах на мяжы галечы
2019.01.12 20:51

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў